Менеджарку пяцізоркавага гатэля будуць судзіць за дапамогу палітвязням
Марына Алісеенка
За ўдзел у пратэстах і дапамогу палітвязням пад суд трапіла кіраўніца аддзела маркетынгу пяцізоркавага гатэля, піша "Наша Ніва"
Мінчанцы Марыне Алісеенка 40 гадоў. Яна скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт у 2008 годзе. Працавала перакладчыцай, але ў 2012 годзе перайшла на працу ў пяцізоркавы мінскі гатэль Crowne Plaza. За два гады з асістэнта менеджара па продажах Алісеенка вырасла да кіраўніцы аддзела продажу і маркетынгу.
Хутчэй за ўсё, яе затрымалі ў студзені, калі КДБ зладзіла рэйд па сваяках палітвязняў і тых, хто ім дапамагае. Яе сацсеткі не абнаўляюцца з 22 студзеня 2024 года, апошняя актыўнасць была за два дні да аблавы КДБ.
Працэс над Марынай Алісеенка пачнецца 2 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Яе вінавацяць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК) і "ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). Судзіць яе будзе Сяргей Хрыпач.
Як канстатуюць праваабаронцы, за сем месяцаў пасля рэйду за салідарнасць з палітвязнямі дзевяць чалавек трапілі пад суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.