Мігрант з Ірана: беларускія памежнікі здзекуюцца з нас, як з жывёл
Мігранты на мяжы / Balkan Insight, Jaap Arriens
На сувязь з Еўрарадыё выйшаў грамадзянін Ірана, які знаходзіцца ў дарозе ў Еўропу. Ён баіцца гаварыць журналістам пра сваё месцазнаходжанне, але пытаецца: куды можна звярнуцца, каб атрымаць дапамогу ў тых жудасных умовах, у якіх ён апынуўся?
"Памежнікі не дазваляюць тым, хто захрас паміж дзвюма межамі, вярнуцца ў Беларусь. Яны б'юць людзей з вялікай жорсткасцю і здзекуюцца з імі, як з жывёл", — расказвае малады чалавек (імя і кантакты ёсць у рэдакцыі).
У мігрантаў, якія здымаюць тое, што адбываецца, на відэа, адбіраюць і разбіваюць тэлефоны. Але праблема не толькі ў гэтым: "Няма ніводнай арганізацыі, якая магла б дапамагчы ў гэтае халоднае надвор'е, зусім ніякай", — скардзіцца мігрант.
У чатах, дзе маюць зносіны іранскія мігранты, рэгулярна з'яўляюцца заклікі не ехаць у Беларусь як у "небяспечнае і халоднае" месца. У адным з іх нядаўна з'яўляліся паведамленні з папярэджаннямі быць асцярожнымі на беларускім участку мяжы і пра выпадкі, калі праз сілавікоў людзям даводзілася ўцякаць са сваіх "груп".
У размове з Еўрарадыё гэтую інфармацыю пацвердзіў Махамед Газізадэ (Muohamad Ghazizade), кіраўнік іранскай групы дапамогі мігрантам. Пра факты гвалту з боку беларускіх сілавікоў да мігрантаў заяўляюць польскія і літоўскія памежнікі. Зрэшты, Памежны камітэт Беларусі не адстае ад замежных калег і рэгулярна вінаваціць у гвалце да мігрантаў польскіх і літоўскіх памежнікаў.
Тэгеран глыбока заклапочаны
Праблемамі грамадзян Ірана ў Беларусі ўжо заняўся афіцыйны Тэгеран. Кіраўнік іранскага МЗС Хусэйн Амір-Абдулахін абмеркаваў сітуацыю з беларускім калегам Уладзімірам Макеем. Ды так, што іранскія СМІ пра гутарку паведамілі, а беларускія дзяржаўныя — прамаўчалі. Праз некалькі дзён у Менску апынуўся намеснік кіраўніка МЗС Ірана Сеед Казем Саджадзі, ён сустрэўся з кіраўніком парламенцкай камісіі па міжнародных адносінах Андрэем Савіных і зрабіў заяву, якую ў кантэксце беларуска-іранскіх адносін можна расцэньваць як вострую:
"Чакаем, што беларускі ўрад і ўлады будуць дзейнічаць адказна і клапаціцца пра жыццё іранцаў, якія захраслі пры халодным надвор'і на мяжы гэтай краіны з Літвой і Польшчай, і дапамогуць амбасадзе аказаць гуманітарную дапамогу ім, у тым ліку коўдры і цёплае харчаванне, а таксама дапамагчы тым, хто хоча, вярнуцца дадому".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.