Польшча адхіліла абвінавачванні ў смерці мігранта на мяжы з Беларуссю
Мігрант загінуў на мяжы з Польшчай
Польшча адказала на абвінавачанні беларускага памежнага камітэта ў давядзенні да смерці мігранта на мяжы з Беларуссю. Паводле прэс-сакратара польскага Міністэрства нацыянальнай абароны Януша Сеймея, у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, дзе нібыта было знойдзенае цела "ўцекача з Бангладэш", "не было выпадкаў перасячэння мяжы ці якіх-небудзь падзеяў, звязаных з актыўнасцю мігрантаў".
Пры гэтым у згаданы час узрасла актыўнасць беларускіх службаў у гэтым раёне. "Гэта яшчэ адзін прыклад з’яўлення ў медыя фэйкавых навін, накіраваных супраць Польшчы. Хочам адзначыць, што вайна, якую вядзе Расія, выходзіць за рамкі ваенных дзеянняў і выходзіць за межы тэрыторыі нашага ўсходняга суседа", — дадае Сеймей.
Пра цела мігранта, знойдзенае "паблізу польскага плота" ў Камянецкім раёне, Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў 23 кастрычніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.