Беларускія памежнікі працягваюць збіраць на мяжы трупы замежнікаў

Полацкія памежнікі выклікалі на мяжу хуткую меддапамогу

Полацкія памежнікі выклікалі на мяжу хуткую меддапамогу / vk.com/gpkgovby

Беларускія памежнікі працягваюць збіраць на мяжы трупы замежнікаў. На гэты раз яны паведамілі, што 5 лістапада знайшлі каля латвійскай мяжы двух грамадзян Самалі, адзін з якіх ужо памёр. Сцвярджаецца, што мігрантаў напярэдадні затрымалі і збілі латвійскія сілавікі, а пасля пераправілі іх на беларускі бок. Пры гэтым адзін з іх нібыта ўжо быў мёртвы. Наколькі праўдзівая гэтая гісторыя, невядома. Ніякіх доказаў не прадастаўлена.

Дзяржаўны памежны камітэт РБ піша, што ў 2024 годзе на мяжы з краінамі ЕС беларускія памежнікі знайшлі 17 загінулых замежнікаў. 11 з іх знайшлі на мяжы з Латвіяй, 6 — на мяжы з Польшчай.

Як вядома, Захад ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс у апошнія гады на мяжы РБ і краін ЕС на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуецца, што ён дзейнічае сумесна з РФ. Згаданы крызіс стаў прычынай увядзення супраць Беларусі санкцый, закрыцця на межах з краінамі ЕС пунктаў пропуску.

Якім чынам мігранты ў РБ трапляюць у памежную зону і чаму іх там не затрымліваюць, беларускія памежнікі не тлумачаць. А Лукашэнка рэгулярна нагадвае, што грамадзян краін Азіі і Афрыкі, якія праз Беларусь ідуць у ЕС, затрымліваць не збіраюцца: "Мы лавіць іх не будзем!.. Я не маю намеру аддаваць загад памежнікам, вайскоўцам і іншым, каб яны абаранялі Еўрапейскі саюз".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі