Мігрантка, якая нарадзіла дачку на беларускай мяжы, застаецца ў Польшчы
На мяжы Польшчы і Беларусі, ілюстрацыйнае фота
На тэрыторыі Польшчы застаецца мігрантка з Эрытрэі, якая нарадзіла дачку на беларуска-польскай мяжы (раней паведамлялася, што гэта жанчына з Эфіопіі).
Як паведамляе ў сацсетках Памежная служба Польшчы, цяпер жанчына знаходзіцца ў шпіталі ў Гайнаўцы. Яна падала заяву аб прадастаўленні абароны ў Польшчы для яе і яе дзіцяці.
"Як толькі стан здароўя жанчыны дазволіць, памежнікі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам прымуць хадайніцтва аб прадастаўленні такой абароны і перададуць на разгляд начальніку Упраўлення па справах замежнікаў", — заяўляюць у Памежнай службе.
Як распавядала Еўрарадыё, ё6 красавіка польскія памежнікі знайшлі на мяжы мігрантку, якой была патрэбная медыцынская дапамога: больш за дзесяць гадзін да таго жанчына нарадзіла дзяўчынку. Жанчыну з дзіцем на машыне вайсковай меддапамогі даставілі ў лякарню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.