Мігранты і ўнутраны турызм: гатэлі паляпшаюць фінансавае становішча ў пандэмію

Гатэль "Мінск" / Еўрарадыё
Гатэль "Мінск" / Еўрарадыё

Па выніках жніўня са стратамі спрацавалі 40,5% беларускіх гатэляў і іншых аб'ектаў, якія прымаюць турыстаў. У жніўні мінулага года стратнымі былі 60,8%, паведамляе Белстат.
 

"Турызм развіваецца. Куды яму дзявацца?"

Зарабляць у пандэмію беларускім гатэлям удаецца за кошт унутранага турызму, расказвае кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Руслан Сегенюк.

— Унутраны турызм, вядома, развіваецца, куды яму дзявацца? Знешніх патокаў няма. Ва ўмовах пандэміі, калі закрытыя мяжы, ёсць рост унутранага турызму. У асноўным гэта індывідуальны турызм, які з кампаніямі не звязаны. Людзі сталі больш ездзіць самі, браняваць, адпачываць па Беларусі.

Гатэлям удалося палепшыць сваё становішча не толькі за кошт унутранага турызму. У апошнія месяцы ў Беларусі, асабліва ў цэнтры Мінска і побач з мінскімі гатэлямі, заўважаюць усходніх "гасцей". Некаторыя з іх потым спрабуюць прарвацца ў якасці ўцекачоў у ЕС.

Пра тое, што частка з іх засяляецца ў мінскія гатэлі, можна меркаваць у тым ліку па расказах мінскіх таксістаў, якім нашмат часцей даводзіцца падвозіць "турыстаў" з Усходу.

— З наплывам мігрантаў я даведаўся пра такія гатэлі Мінска, пра якія раней нават не чуў, — расказвае адзін з мінскіх таксістаў.

Мигранты и внутренний туризм: отели улучшают финансовое положение в пандемию
Аб'ява на дзвярах мінскага гатэля "Агат" на англійскай, арабскай і курдскай мовах / Еўрарадыё

Турызму лепш у Магілёве, а ў Віцебску правал

Найбольш паспяховымі аказаліся арганізацыі ў Магілёўскай вобласці. Там стратных толькі 15,4% супраць 46,7% у жніўні мінулага года. Паказчыкі ў Гомельскай вобласці таксама моцна змяніліся: 20% стратных, а годам раней было 57,1%.

У Гродзенскай вобласці доля стратных гатэляў склала 30% супраць 50% за мінулы жнівень. Значна больш аб'ектаў размяшчэння ў Мінскай вобласці стала працаваць у плюс. Калі ў жніўні 2020 года са стратай адпрацавалі 72,7% кампаній, то па выніках жніўня бягучага года ўжо 46,2%.

У Мінску стратных гатэляў больш, чым у сярэднім па краіне, але і там многія палепшылі сваё становішча. Па выніках жніўня непрыбытковых было 46,9% супраць 69,1% годам раней.

Значна не палепшылася сітуацыя ў Брэсцкай вобласці. Там 47,1% гатэляў спрацавалі ў мінус. У мінулым жніўні такіх было 56,3%.

Пагоршылася становішча ў Віцебскай вобласці. Там больш за ўсё стратных аб'ектаў размяшчэння па краіне — 55,6%. Хоць год таму справы былі лепшыя, бо стратных кампаній было 44,4%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі