Мікіту Емяльянава зноў кінулі ў ШІЗА — агулам ён прабудзе там 30 сутак
Мікіту Емяльянава чарговы раз адправілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА), дзе ён агулам прабудзе 30 сутак, паведамляюць праваабаронцы ў нядзелю.
17 лістапада, праз тыдзень пасля выхаду з ШІЗА, палітвязню зноў вынеслі спагнанне ў 10 сутак за тое, што ён адмовіўся выканаць патрабаванне адміністрацыі прыбраць дворык для шпацыру. Пасля гэтага на Емяльянава было накладзенае яшчэ адно спагнанне ў выглядзе 10 сутак ШІЗА за тое, што ён ляжаў на падлозе ў камеры ізалятара. А 7 снежня яму прызначылі яшчэ 10 сутак утрымання ў ШІЗА за міжкамерную сувязь.
Таксама Мікіта заўважыў, што порцыі ежы ў турме зрабілі значна меншымі. Калі Емяльянаў папрасіў паболей ежы, то атрымаў адмову. Тады на знак пратэсту палітзняволены аб’явіў галадоўку і нічога не еў пяць з паловай дзён. 7 снежня хлопец ужо павячэраў, але порцыі ежы дагэтуль выдаюць маленькія.
Як паведамляла Еўрарадыё, у верасні Емяльянаў распавёў аб тым, што ў ШІЗА яго ўтрымлівалі 42 дні і ён выйшаў адтуль толькі 22 верасня. Ад палітзняволенага тады не было ніякіх звестак больш за месяц — ні тэлефанаванняў, ні лістоў да блізкіх і сяброў. Адміністрацыя турмы склала на палітвязня 6 рапартаў за парушэнне правілаў унутранага распарадку.
Актывіст анархісцкага руху Мікіта Емяльянаў пазбаўлены волі на 4 гады, ён адбывае пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.