Міліцыя анансавала рэйды па выяўленні непрацуючых мінчукоў

На нарадзе ў ГУУС былі міністр унутраных спраў і старшыня Мінгарвыканкама / t.me/police_minsk/
Міліцыя анансавала рэйды па выяўленні непрацуючых мінчукоў. "У Мінску гэтая катэгорыя будзе адпрацавана на 100%, — паабяцаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. — Працаваць павінны ўсе, хто карыстаецца сацыяльнымі выгодамі, якія прадастаўляе дзяржава".
Кубракоў прысутнічаў на нарадзе "па пытаннях працы з асобамі, не занятымі працай", якая ў панядзелак прайшла ў ГУУС. Прысутнічаў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. Міністр унутраных спраў паставіў "першачарговую задачу": "актуалізаваць інфармацыю ў базе даных працаздольных асоб, не занятых у эканоміцы". Міліцыянты іх будуць "выяўляць", а для гэтага "ва ўсіх раёнах Мінска пройдуць пазапланавыя адпрацоўкі".
На нарадзе было аб'яўлена, што "па выніках рэйдаў будуць унесены прапановы па ўдасканаленні заканадаўства". Барацьба з "дармаедамі" ў РБ будзе працягвацца.
"Асобную ўвагу" міліцыя надае тым беларусам, якія працуюць за мяжой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.