Мінгарвыканкам дазволіць музыкам іграць у пераходах пасля праслухоўвання

Мінгарвыканкам дазволіць музыкам іграць у пераходах пасля праслухоўвання

Мінгарвыканкам вызначыць 12 месцаў у пешаходных пераходах, дзе цягам года могуць іграць вулічныя музыкі. Праўда, проста прыйсці, расчахліць інструменты і граць не атрымаецца. Спачатку творцам трэба пакінуць заяўку на сайце пешеходкабел ці ў групах у сацсетках "Пешеходка/Пешеходный квартал" і прайсці праслухоўванне 13 траўня на фестывалі "Гукі вуліц". Пасля гэтага адмысловае журы дасць дазвол лепшым музыкам іграць у любой з 12-ці кропак цэлы год.


Па словах чыноўнікаў, такім чынам яны збіраюцца ўпарадкаваць "працу" вулічных музыкаў, каб гэта было "не так стыхійна, каб яны былі не бязлікімі, а добра вядомымі гледачам".


"Мы вывучылі досвед падобных праектаў у Парыжы, Таронта, Маскве, Санкт-Пецярбургу. На вуліцах замежных гарадоў нам здаецца, што святочная прыемная атмасфера ўзнікла сама па сабе, але гэта не так — усё падрыхтавана і прадумана, у кожнага музыкі ёсць спецыяльны дазвол, за які яму часам і плаціць даводзіцца, — кажа ў інтэрв'ю выданню "Минск-Новости" начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава. — У Барселоне, напрыклад, яго выдаюць на год. У Нью-Ёрку ці Лондане для выступаў у метрапалітэне праводзяць вельмі сур'ёзны адбор. Няхай і наш горад ўпрыгожыць новы музычны праект".

Самі вулічныя музыкі да такой ідэі ставяцца станоўча. Маўляў, сапраўды, такая практыка з дазволам існуе ў Еўропе і Маскве, чаму не? Аднак ёсць некалькі нюансаў, якія чыноўнікі пакуль не тлумачаць: што будзе ўяўляць сабой заяўка, якім чынам музыкаў будуць размяркоўваць па пляцоўках і ці давядзецца ім дзяліцца ганарарам з дзяржавай.

 

Вулічны музыка Саша Анісімаў, які праславіўся дзякуючы дуэту са Стывенам Тайлерам з Aerosmith на Кузнецкім мосце ў Маскве, кажа, што, хутчэй за ўсё, падасць такую заяўку:


"Гэта нават добра, бо дасць больш свабоды: музыкаў не будуць ганяць. Напрыклад, у Маскве дазволілі граць на Кузнецкім мосце і на пешаходных вуліцах. Галоўная ўмова — іграць далей ад жылых дамоў. Усё. Іграць можна ў любы час, калі хто хоча. Гэта нармальна. Калі будзе такое ж — гэта цудоўна. Калі ж будуць нейкія абмежаванні і графікі — сёння гэтыя, заўтра тыя, то гэта не зусім зручна. Да таго ж, палюбому мусіць быць адбор музыкаў, бо ты мусіш паказваць узровень, калі выходзіш на вуліцу".

 

Скрыпач Зміцер, за плячыма якога Маскоўская кансерваторыя, ідэю падтрымлівае, але непакоіцца за яе рэалізацыю:


"Ідэя, канечне, выдатная. Калі будзе нешта падобнае, як у Еўропе, знікнуць розныя таварышы з "дровамі", якія лічаць сябе гітарыстамі і выюць, у гэтым будзе толькі плюс. Калі шчыра, я за гэтую ініцыятыву, але вельмі хацеў бы паглядзець, у што гэта выльецца, бо столькі было добрых ідэяў і кожны раз з іх рабілі незразумела што... Ідэя наконт камісіі таксама дастаткова здаровая. Але суддзі хто?".


У лютым Мінгарвыканкам збіраецца апублікаваць "Палажэнне" па вулічных музыках, а таксама карту пляцовак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі