Мінімальны набор нарматываў для бізнэсу Лукашэнка зацвердзіць сам
Аляксандр Лукашэнка хоча сам зацвердзіць мінімальны набор нарматываў для суб'ектаў гаспадарання. Пра гэта ён заявіў на нарадзе з чальцамі працоўнай групы па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэнні залішніх патрабаванняў да бізнэсу.
"Мінімальны набор нарматываў, які сапраўды неабходны для пачатку гаспадарчай дзейнасці і ідзе "ад жыцця", буду зацвярджаць асабіста. Суб'екты гаспадарання павінны дакладна ведаць свае абавязкі ды іх аб'ём. І на гэтым кропка! Больш нічога ад іх патрабаваць не смейце!" — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.
Ён прапанаваў начальнікам і міністрам ліквідаваць як мага больш розных нарматываў. "Крый божа, пераправяраючы, я выяўлю, што вы штучна пакідаеце некаторыя нарматыўна-прававыя інструкцыі або залішне прапануеце мне гэтых праверак і кантроляў, вы працаваць не будзеце", — прыгразіў Лукашэнка.
Ён даручыў чальцам рабочай групы задзейнічаць усе магчымыя рэсурсы для выканання пастаўленых задач. Ад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў Лукашэнка запатрабаваў неадкладна падаць канкрэтныя прапановы.