Міністр адукацыі паведаміў, як будуць атэстоўваць вучняў у чацвёртай чвэрці
У Беларусі атэстуюць у чацвёртай чвэрці ўсіх вучняў, каго трэба. Пра гэта міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў у эфіры праграмы "Маркаў. Нічога асабістага" на тэлеканале АНТ.
Міністр мяркуе, што большасць школьнікаў вучыцца: хтосьці займаецца самастойна, нехта — па індывідуальных заданнях ці анлайн. "Я літаральна на мінулым тыдні быў у Бярэзінскім раёне, наведваў шэраг школ. Нават у сельскай школе настаўнік тлумачыць тэму па фізіцы ў рэжыме Skype-зносінаў. Значыць, знаходзяцца некалькі вучняў, якія таксама прысутнічаюць на ўроку, з дома слухаюць гэтыя тлумачэнні, адказваюць на пытанні і гэтак далей", — пракаментаваў Карпенка.
Ён дадаў, што атэстацыя праводзіцца не ва ўсіх класах. У першых-другіх класах атэстацыі няма. У трэціх-чацвёртых класах атэстацыі няма па шэрагу прадметаў. "У нас у старэйшай школе, у сярэдняй школе кожны настаўнік ведае, ну, калі Таня Іванова, дапусцім, заўсёды добра адказвала па фізіцы, дык што цяпер змянілася ад таго, прыходзіць яна заняткі ці яна з дому выконвае нейкія работы і з настаўнікам кантактуе", — заявіў міністр.
Раней прадстаўнікі Мінадукацыі прызнавалі, што падчас каранавіруса ў школы ходзяць толькі каля 40% вучняў.
Карпенка падкрэсліў, што Мінадукацыі дала настаўнікам усе выразныя ўказанні. А ў якой форме атэставаць навучэнцаў, вырашае кожная школа самастойна.
Вучням, якія не прыходзяць на заняткі, кажа міністр, у класным журнале ставяць "Н", бо школа нясе адказнасць за вучняў, якія ў ёй знаходзяцца. Але побач з гэтым "Н" у журнале або замест яго настаўнік можа паставіць адзнаку, калі вучань адказаў на нейкія пытанні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.