"Міжнародная амністыя" заклікала да вызвалення 16-гадовага Мікіты Залатарова

"Международная амнистия" призвала к освобождению 16-летнего Никиты Золотарева

Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць Мікіту Залатарова, які ў лютым быў асуджаны на пяць гадоў выхаваўчай калоніі.

Паводле версіі следства, 16-гадовы падлетак у кампаніі з двума маладымі мужчынамі кінуў "кактэйлі" Молатава ў бок амапаўцаў. Акрамя таго, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Залатароў віну не прызнаў. Сёння ў Гомельскім абласным судзе будзе разгледжана апеляцыя на прысуд падлетку.

"Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення Мікіты Залатарова да вынікаў апеляцыйнага слухання",  гаворыцца ў заяве"Міжнароднай амністыі".

Праваабаронцы настойваюць на захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва, а таксама правоў Мікіты ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб правах дзіцяці.

Мары Стразерс, дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі нагадала, што пры затрыманні падлетка збівалі.

"Ён знаходзіўся ў папярэднім зняволенні больш за шэсць месяцаў і ў цяперашні час знаходзіцца ў адзіночным зняволенні, што для непаўналетніх раўнасільна катаванням", — адзначыла Стразерс.

Яна таксама падкрэсліла, што больш за паўгода падлетак быў пазбаўлены магчымасці вучыцца  — у яго не было доступу да адукацыі.

Праваабаронцы прызналі Мікіту Залатарова палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі