Мурал з партрэтам беларускага палітвязня з’явіўся ў Варшаве
Мурал з Анджэем Пачобутам
На пачатку верасня ў Варшаве з'явіўся мурал з партрэтам Анджэя Пачобута. Маляваць яго прыязджаў беларускі мастак з Аўстрыі, піша mostmedia.io.
Стварэннем мурала займаліся арганізацыі Młody Kresy і "Рух". З мясцовымі ўладамі Варшавы мурал не ўзгаднялі: у раёне Бемова ёсць спецыяльная пляцоўка, дзе кожны можа зрабіць на сцяне свой малюнак.
"Мы доўга ішлі да гэтай ідэі і спачатку хацелі зрабіць мурал у 2021 годзе, калі затрымалі Пачобута, Борыс і іншых польскіх дзеячаў. Але на той момант у нас не было тэхнічных магчымасцяў выканаць гэтую працу. Сёлета мы спрацаваліся з беларускай арганізацыяй "Рух". Яны мелі графіціста, і мы яго запрасілі з Аўстрыі зрабіць мурал з Пачобутам", — распавядае старшыня арганізацыі Młody Kresy Міраслаў Капцэвіч.
На адкрыцці мурала былі ўзнятыя сцягі незалежнай Беларусі і Польшчы, кажа Капцэвіч. На самім мурале ёсць тэкст, які нагадвае палякам, што сёння ў Беларусі — больш за тысячу палітвязняў.
"Сёння мы не ведаем рэальных лічбаў людзей, якія сядзяць па палітычных справах. Мы таксама пішам пра тое, што беларусы і палякі ў Беларусі маюць супольныя праблемы. Паміж іншым гэта русіфікацыя школ і дзяцей, закрыццё польскіх навучальных устаноў. І тое, што беларуская ўлада катуе беларускіх i польскіх патрыётаў. А Анджэй Пачобут і ёсць польскі патрыёт у Беларусі. Ён нязломны", — дадае Капцэвіч.
Анджэй Пачобут — журналіст і актывіст польскай меншасці ў Беларусі. Яго асудзілі па палітычных матывах на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вызваленне Пачобута Польшча называе першай умовай для паляпшэння адносінаў з афіцыйным Мінскам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.