"Мяне не было ў Мінску, а другі "пасобнік" ні разу не трымаў балончык з фарбай"
Следчы камітэт завяршыў праверку па графіці "Мінск-Масква", у якое ў кастрычніку невядомы мастак "уплёў" калючы дрот і такім чынам "надаў прапагандысцкаму малюнку хоць нейкі сэнс".
Самога аўтара "дроту" следчыя не знайшлі, крымінальную справу вырашылі не пачынаць. Аднак склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на двух меркаваных удзельнікаў працэсу.
"Упраўленнем Следчага Камітэту па г. Мінску завершанае правядзенне даследчай праверкі. Прыкмет дзеянняў, за якія прадугледжаная крымінальная адказнасць, у зменах графіці не ўстаноўлена. Устаноўленыя прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння. Для дачы прававой ацэнкі матэрыялы перададзеныя ў органы ўнутраных спраў", — распавядае пра вынікі праверкі афіцыйны прадстаўнік Следчага Камітэта па Мінску Аляксей Клімовіч.
Адзін з падазраваных, які просіць Еўрарадыё не называць яго імя, кажа, што ў час, калі "дапрацоўваўся" мурал, яго не было ў Мінску, і нават мае адпаведную даведку. Хлопец азнаёміўся з пратаколам і напісаў, што з ім не згодны і віны не прызнае. Другі меркаваны падазраваны, па словах нашага суразмоўцы, гэта глядач, які назіраў за стварэннем "калючага дроту" на графіці "Мінск-Масква".
"Лічу абсурдным спаганяць з мяне штраф за правапарушэнне, якое здзяйснялася у момант, калі мяне фізічна не магло быць на месцы, як і з другога "падазраванага", бо ён ніколі ў жыцці і балончык з фарбай не трымаў, і амаль выпадкова на месцы быў", — каментуе Еўрарадыё сітуацыю суразмоўца.
Абодва "удзельнікі" абвінавачваюцца ў тым, што "23.10.2016, знаходзячыся па адрасе Магілёўская 32-34/2, сумесна з неўстаноўленай асобай унеслі змены ў выяву (графіці), тым самым наўмысна пашкодзіўшы яго, кошт нанесенага ўрону склаў 621 рубель 3 капейкі".
У бліжэйшы час справу "графіці Мінск-Масква" накіруюць у суд.
Графіці "Мінск-Масква" з'явілася ў Мінску на пачатку лета 2016 года па ініцыятыве маскоўскіх уладаў. Яго аўтарам стаў яраслаўскі мастак Артур Кашак. Мінчукі палічылі малюнак прапагандысцкім і раскрытыкавалі яго мастацкія якасці. У кастрычніку невядомы мастак дадаў у букет кветак, які трымае хлопчык-беларус, і ў вянок на галаве дзяўчынкі-расіянкі калючы дрот. Мінгарвыканкам запатрабаваў у мастака вярнуць арыгінальны выгляд графіці цягам тыдня. Ён гэтага рабіць не стаў. Таму горад быў вымушаны сам замаляваць дрот, а грошы за "шкоду" спагнаць з "пасобнікаў" мастака.