Беларускі мастак расклеіў па Варшаве 270 вадалазаў

Вадалазы Міхася Мішука

Вадалазы Міхася Мішука / фота з архіва Міхася Мішука

Беларускія мастакі за мяжой шукаюць сябе не толькі праз перформансы, як Аляксей Кузьміч.

У Варшаве на сценах будынкаў нярэдка можна пабачыць намаляваных вадалазаў — гэта творчасць беларуса Міхася Мішука, піша MOST.

Хлопец кажа, што вобраз вадалаза з'явіўся ў яго яшчэ ў студэнцкія гады, на апошніх курсах беларускай Акадэміі мастацтваў, дзе ён вучыўся на мастака кіно. Міхась баяўся, што не зможа ўладкавацца па спецыяльнасці і яму трэба будзе "плысці па плыні жыцця ў невядомым кірунку". Так з'явіўся вобраз вадалаза, які мастак размяшчаў на будынках беларускай сталіцы.

Потым Мішук стаў рабіць дэкарацыі для кліпаў, рэкламы і тэлеперадач — і вобраз вадалаза знік з яго жыцця і творчасці. А пасля пратэстаў 2020 года хлопец апынўся ў вымушанай эміграцыі — спярша ў Літве, потым у Польшчы. І вобраз вадалаза вярнуўся.

Мастак кажа, што ягоныя вадалазы на сценах і пад мастамі — гэта спосаб творчага ўзамеадзеяння з горадам: "Мой вадалаз — гэта нейкі прыемны элемент у гарадскім асяроддзі, нейкая мілая воку карцінка. Калі вас прыцягвае, то можаце пацікавіцца, а калі не — проста прайсці міма. Хтосьці кажа, што я псую сцены. На гэта я заўсёды адказваю, што яны ўжо сапсаваныя: залепленыя рэкламай альбо спісаныя графіці. Я ж сябе вандалам не лічу, хоць жартам кажу, што ў мяне таксама свайго роду дробнае хуліганства".

"Жывуць" такія фігуркі звычайна не больш за месяц-два. Міхась малюе вадалазаў на паперы акрылавымі фарбамі, а потым выразае і мацуе на сцяну звычайным клеем ПВА. Стандартны памер фігуркі — 90 сантыметраў. Аднак ёсць і большыя: напрыклад, пад Слёнска-Дамброўскім мостам праз Віслу размешчаны шасціметровы вадалаз.

Вадалазы Міхася Мішука жыва адгукаюцца на падзеі ў свеце. Калі ў Грузіі прымалі закон аб замежных агентах, мастак зрабіў вадалаза з грузінскім сцягам. Падчас Маршу роўнасці ў Варшаве з'явіўся падводнік з вясёлкавай сімволікай. Ёсць сярод твораў Мішука і вадалаз з бел-чырвона-белым сцягам.

Дарэчы, вадалазы Міхася ёсць не толькі ў Польшчы. Яны з'яўляліся таксама ў Літве, Даніі, Германіі, Італіі, Партугаліі і Францыі. Мастак хоча запусціць вадалазаў і ў іншыя краіны. 

Беларускі мастак расклеіў па Варшаве 270 вадалазаў
Вадалазы Міхася Мішука / фота з архіва Міхася Мішука
Беларускі мастак расклеіў па Варшаве 270 вадалазаў
Вадалазы Міхася Мішука / фота з архіва Міхася Мішука
Беларускі мастак расклеіў па Варшаве 270 вадалазаў
Вадалазы Міхася Мішука / фота з архіва Міхася Мішука
Беларускі мастак расклеіў па Варшаве 270 вадалазаў
Вадалазы Міхася Мішука / фота з архіва Міхася Мішука

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі