Мытнікі шукалі ў фермера тэлефон, які тры месяцы таму забралі
Фермер Уладзімір Казека / Ганцавіцкі час
Беларускія мытнікі шукалі ў драгічынскага фермера Уладзіміра Казекі тэлефон пасля паездкі ў Польшчу. І не маглі паверыць, што яго няма, піша "Берасцейская вясна".
На пачатку жніўня мужчына з'ездзіў у Польшчу і вяртаўся дадому. На асабістай праверцы сяржант запатрабаваў у яго тэлефон, але Казека сказаў, што тэлефона няма. Сяржант выклікаў афіцэра, які стаў пагражаць фермеру арыштам на 15 сутак, калі ў яго знойдуць тэлефон.
Пасля таго, як фермера абшукалі і не знайшлі тэлефона, мытнікі выклікалі падпалкоўніка. Той адразу запатрабаваў выдаць тэлефон па-добраму, каб не было непрыемнасцяў. У адказ на гэта Казека заявіў: "Няма. Я іх не накупляюся. У мяне яшчэ у траўні тэлефон быў канфіскаваны".
Фермера адпусцілі праз 40 хвілін, так і не паверыўшы ў адсутнасць тэлефона.
У траўні, калі Казека вяртаўся з Польшчы, яго затрымалі за падпіску на "экстрэмісцкія каналы" ў тэлефоне. Тады яго тройчы асудзілі на розныя тэрміны арышту. Ён адбыў за кратамі 43 дні, за якія ў яго загінуў ураджай і зніклі 30 вулляў пчол. У фермера засталася толькі запазычанасць на 10 тысяч долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.