МЗС Беларусі афіцыйна пацвердзіў смяротны прысуд грамадзяніну Германіі
Рыка Крыгер
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз выступіў з заявай, у якой пацвердзіў вынясенне смяротнага прысуду грамадзяніну Германіі. Таксама ён заявіў, што ў Мінска былі кантакты з нямецкім бокам па гэтым пытанні.
"Нам зразумелы клопат пра яго нямецким бокам. У поўнай адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і двухбаковымі пагадненнямі беларускім бокам забяспечаны да гэтай асобы консульскі доступ. З улікам просьбы МЗС ФРГ канкрэтныя рашэнні па магчымых варыянтах развіцця сітуацыі беларускім бокам прапанаваныя. Кансультацыі па гэтай тэме вядуцца па лініі міністэрстваў замежных спраў дзвюх краін", — заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Інфармацыя пра тое, што ў Беларусі да вышэйшай меры пакарання прысудзілі грамадзяніна ФРГ, з’явілася ў праваабаронцаў за некалькі дзён да гэтага. Пазней высветлілася, што немца завуць Рыка Крыгер, а прысуд яму вынеслі яшчэ 24 чэрвеня.
Крыгера судзілі па сямі артыкулах КК, у тым ліку за найміцтва, агентурную і тэрарыстычную дзейнасць. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, справа тычыцца структурнага падраздзялення Палка Каліноўскага — замежнага механізаванага батальёна Western.
Полк Каліноўскага адмаўляе дачыненне Крыгера да фарміравання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.