МЗС пацвердзіў прыхільнасць Беларусі палітыцы “аднаго Кітая”

МЗС пацвердзіў прыхільнасць Беларусі палітыцы “аднаго Кітая”

Міністэрства замежных справаў пацвердзіла нязменнасць пазіцыі Беларусі аб прыхільнасці палітыцы “аднаго Кітая”. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы МЗС у сувязі з прыняццем пасады новым кіраўніком мясцовай адміністрацыі на Тайвані.

У заяве МЗС адзначаецца, што беларускія ўлады прызнаюць урад КНР адзіным законным урадам, які прадстаўляе ўвесь Кітай, а Тайвань — гэта неад’емная частка тэрыторыі Кітая.

Таксама падкрэсліваецца, што Рэспубліка Беларусь паслядоўна выступае за мірнае эвалюцыйнае развіццё сувязяў паміж берагамі Тайваньскага праліву.

20 траўня ў Тайбэе адбылася цырымонія інаўгурацыі новага кіраўніка адміністрацыі Тайваня Цай Інвэнь. Лідарка апазіцыйна Дэмакратычнай прагрэсіўнай партым перамагла на выбарах, якія прайшлі 16 студзеня. Яна змяніла на пасадзе прадстаўніка кіруючай партыі Гаміньдан Ма Інцзю, які цягам васьмі гадоў праводзіць палітыку паступовага збліжэння з мацерыковым Кітаем.

Тайванем кіруе ўласная адміністрацыі з 1949 года. Пекін лічыць гэтую тэрыторыю мяцежнай правінцыяй, аднак прапануе вырашаць праблему суверэнітэту Тайваня мірным шляхам — “адна краіна — дзве сістэмы”. Пры гэтым кітайскае кіраўніцтва вельмі жорстка рэагуе на любыя заявы ў падтрымку незалежнасці Тайваня ад КНР, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі