На дзяржтэлеканале рашэнне Сабаленка не ехаць у Парыж назвалі "недальнабачным"

Арына Сабаленка

Арына Сабаленка / Reuters

На дзяржтэлеканале "Беларусь 1" рашэнне тэнісісткі Арыны Сабаленка не ехаць на Алімпіяду ў Парыж назвалі "недальнабачным". Там заявілі, што "магчыма, яшчэ адной Алімпіяды ў жыцці нашай наймацнейшай тэнісісткі і не будзе...".

Пра тое, што Сабаленка вырашыла не выступаць на Алімпіядзе, стала вядома ў сярэдзіне чэрвеня. "На жаль, мне давядзецца ахвяраваць Алімпіядай, — патлумачыла яна нечаканае рашэнне. — На дадзеным этапе маёй кар'еры і асабліва з улікам усіх цяжкасцяў, з якімі я сутыкнулася ў апошнія месяцы, мне трэба паклапаціцца аб сваім здароўі". Неўзабаве пасля гэтага з-за праблем са здароўем тэнісістка знялася з турніру ў Берліне.

"Камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта робіць усё, каб нашы і расійскія атлеты выглядалі ў Парыжы максімальна незаўважна, — гаварыў на дзяржтэлеканале прапагандыст. — Але, на жаль, хапае недальнабачных рашэнняў і ад саміх спартсменаў. Арына Сабаленка вось заявіла, што змена пакрыццяў кортаў пашкодзіць яе здароўю. Магчыма, так і ёсць, але графік у першай ракеткі свету Ігі Свёнтак [з Польшчы] не менш напружаны, а яна сваю радзіму прадставіць".

Сабаленка — трэцяя ракетка свету. Відаць, у Мінску спадзяваліся, што яна заваюе ўзнагароду ў Парыжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі