На мяжы з Беларуссю Літва паставіла 150 км калючага дроту і 10-кіламетровы плот

На мяжы з Беларуссю Літва паставіла 150 км калючага дроту і 10-кіламетровы плот

Калючым дротам Літва агарадзіла больш за 150 км мяжы з Беларуссю. Пра гэта напісаў у Фэйсбуку старшыня Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны сейма Літвы Лаўрынас Кашчунас. Акрамя таго, літоўскі бок паставіў на мяжы больш за 10 км агароджы. Такім чынам Літва перакрыла 20% мяжы з Беларуссю.

Увосень 2022-га плануецца завяршыць будаўніцтва сцяны ўздоўж беларуска-літоўскай мяжы (гэта каля 680 км).

Кашчунас піша, што кантракты на ўсталяванне сістэмы відэаназірання ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю ўжо заключаныя. "Гэта азначае, што напрыканцы наступнага года не толькі фізічны бар'ер абароніць Літву ад аўтарытарыстаў, якія хочуць разбурыць асновы нашага грамадства, але таксама тое, што мы на 100% будзем сачыць за сваёй мяжой, будзем цалкам кантраляваць парушэнні, няхай гэта будзе нелегальная міграцыя або кантрабанда", — тлумачыць ён.

Літва разлічвае, што ў наступным годзе ЕС значна павялічыць фінансаванне тэхнічнага абсталявання для літоўскай памежнай службы. Гэта дазволіць Літве да канца 2022 года стварыць самую сучасную сістэму аховы межаў у Еўропе. 

Умацоўваць мяжу з Беларуссю Літва пачала пасля пачатку міграцыйнага крызісу, калі з Беларусі пайшла плынь нелегальнай міграцыі. Ад пачатку года ў Літве затрымалі больш за 42-00 нелегальных мігрантаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі. У жніўні ўлады Літвы вырашылі выдвараць мігрантаў назад у Беларусь. Пасля гэтага у краіну не ўпусцілі больш за 8 тысяч чалавек.

Заходнія палітыкі назвалі міграцыйны крызіс спосабам гібрыднай вайны, якую вядуць беларускія ўлады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі