На сольніку ў Мінску гурт Nizkiz прэзентуе свой першы кліп

Магілёўскі гурт Nizkiz рыхтуецца да свайго першага сольнага канцэрта ў Мінску.
 
“Мы прадставім вялікую праграму — прыкладна 16 кампазіцый, а можа, нават і больш! — распавядае фронтмэн Nizkiz Саша ІльінУ яе ўвойдзе таксама і наша першая беларускамоўная песня, якую мы прэзентавалі тыдзень таму падчас сумеснага канцэрта з :B:N:. Тады гэта атрымалася крыху спантанна, а цяпер мы нарэшце нармальна зрабілі гэтую кампазіцыю і вельмі ёй задаволеныя. Да таго ж, падчас канцэрта адбудзецца прэм’ера нашага дэбютнага кліпа!”
Nizkiz падчас фіналу конкурса GBOB
Песню, на якую зняты кліп, гурт трымае ў таямніцы. Як кажуць самі музыкі, ніхто не чакае, што відэа знятае менавіта на гэту кампазіцыю. 
 
“З пункту гледжання здаровага сэнсу, кліпы здымаюць на правераныя “баевікі”. А мы вырашылі зняць відэа на лірычную кампазіцыю пра каханне — усё ж мы гурт, які час ад часу спявае пра пачуцці, недзе ў глыбіні душы”, — смяецца гітарыст Nizkiz Міця Садавы
 
Кліп быў зняты падчас сёлетняй паездкі Nizkiz на фестваль “Соседній мір”, таму прадстаўляе сабой, хутчэй, live-відэа. Музыкі распавядаюць, што здымаць давялося на 12 камер, бо “іх увесь час кралі ці залівалі вадой, вось і даводзілася штораз браць новую!”
 
Акрамя хваляў, чаек, гор і Крымскіх пейзажаў, у відэа будуць падводныя здымкі і нават сапраўдная падводная лодка “Іркутск 12”.
 
“Мы хацелі паказаць у жывым фармаце, без усялякіх пастановак, як усё насамрэч адбываецца на фэсце. Паспрабавалі перадаць атмасферу без усялякіх дубляў. Усё будзе жыва, натуральна і шчыра! Прыходзьце паглядзець!” — запрашае бубнач гурта Дзіма Халяўкін.
 
Сольны канцэрт Nizkiz адбудзецца ў рок-клубе TNT, 20-га кастрычніка. Пачатак у 21.00. Інтэрнэт-прэзентацыя дэбютнага відэа гурта адбудзецца на сайце Еўрарадыё неўзабаве.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі