На ваенным парадзе Лукашэнка сказаў пра “братнюю Расію” і “дыялог з Захадам”
Беларусь за гады незалежнасці не дала ўцягнуць сябе ў ніводную палітычную аванцюру, не ўвязалася ў ніводны міжнародны канфлікт. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 3 ліпеня на парадзе ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасці.
Паводле кіраўніка краіны, нядаўні пяты Усебеларускі народны сход прадэманстраваў згуртаванасць беларускага грамадства, міралюбівую і шматвектарную палітыку дзяржавы, заснаваную на прыцыпах добрасуседства і супрацоўніцтва.
“Мы цесна ўзаемадзейнічаем з нашымі саюзнікамі, і перш за ўсё з братняй Расіяй. Развіваем дыялог з суседзямі і краінамі Захаду”, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
Афіцыйныя святкаванні з нагоды Дня Незалежнасці праходзяць сёння ў Беларусі. У Мінску дзяржаўнае свята пачалося з традыцыйнага ваеннага параду.