Непрыемныя сюрпрызы дзяржаўнага бюджэту на 2016 год

Непрыемныя сюрпрызы дзяржаўнага бюджэту на 2016 год

Бюджэт на 2016 год у Беларусі яшчэ афіцыйна не прыняты. Дэпутаты прагаласавалі, але канчатковае рашэнне за кіраўніком краіны — патрэбны попіс Лукашэнкі. Што ён гэта зробіць, сумневаў амаль няма. Так што, чытаць праект закона “Аб бюджэце” можна амаль як сапраўдны закон. І там акрамя агульнага мінорнага настрою можна ўбачыць цікавыя нюансы.

 

Фонд кіраўніка краіны зменшыўся амаль на 34 мільёны долараў

Бюджэт-2015 прадугледжваў выдаткі ў фонд кіраўніка краіны памерам у адзін трыльён сто дваццаць мільярдаў. Або каля 98 мільёнаў долараў па закладзеным тады курсе (11 400). У праекце Бюджэту-2016 выдаткі на фонд Лукашэнкі крыху выраслі — да аднаго трыльёна двухсот мільярдаў. Аднак згодна прагнозам аўтараў дакумента, сярэдні курс долара ў новым годзе будзе каля 18600. А значыць, выдаткі на фонд кіраўніка краіны складуць нешта каля 64 мільёнаў долараў. Відавочны рэгрэс.

 

Кіна не будзе

Дакладней будзе, але ўжо не такое. Калі Бюджэт-2015 прадугледжваў дзяржаўнае фінансаванне беларускага кіно памерам амаль у 66 мільярдаў рублёў (нешта каля 5,8 мільёна долараў), то у 2016-м годзе на гэта дзяржава гатовая выдзеліць усяго 68 мільярдаў. То бок 3,8 мільёна долараў. У Галівудзе пра такое нават сорамна расказаць каму — не павераць. Амерыканцы толькі на адзін сярэдняй паршывасці фільм могуць патраціць каля ста мільёнаў.

 

Замкі

З замкамі (націск на першы склад) справы яшчэ горш, чым з кіно. Яшчэ ў 2012 годзе у Беларусі прынялі праграму “Замкі Беларусі”, фінансаваць рэстаўрацыю самых цікавых сярэднявечных архітэктурных аб’ектаў краіны па ёй збіраюцца да 2018 года. Але, відаць, імпэт скончыўся адразу пасля завяршэння рэстаўрацыі замка Радзівілаў у Нясвіжы. Бо ў 2015-м годзе на фінансаванне гэтай дзяржаўнай праграмы выдалі крыху больш за дваццаць пяць тысяч долараў. А ў праекце Бюджэту-2016 увогуле стаіць лічба 233,6 мільёна (12559 долараў). Больш чым сціпла.

Непрыемныя сюрпрызы дзяржаўнага бюджэту на 2016 год

З 78 дзяржаўных праграм і падпраграм засталося толькі 26

І “Замкам Беларусі”, можна сказаць, яшчэ пашанцавала. Бо калі ў Бюджэце-2015 у раздзеле “Фінансаванне дзяржаўных праграм і падпраграм” было ажно 78 пунктаў, то ў наступным годзе іх застанецца ўсяго 26. Сярод іншых спыніцца фінансаванне па праграме развіцця футбола. Яна дзейнічала з 2011-га па 2015-ты год, і пакуль не будзе працягнутая.

 

Саюз пісьменнікаў Беларусі — мінус шэсцьдзясят тысяч долараў

Мікалаю Чаргінцу давядзецца ў новым годзе нясоладка. Калі ў 2015-м яго арганізацыя з дзяржаўнага бюджэту атрымала каля двухсот тысяч долараў (дакладней — 193 тысячы), то ў 2016-м выдаткі на СПБ складуць толькі каля 133 тысяч — 2,4 мільярда. Праўда, яго калегі з неафіцыйнага Саюза пісьменнікаў былі б рады і гэтым грошам.

 

З тэлебачаннем яшчэ горш

І нашмат. Фінансаванне некаторых каналаў знізіцца нават у рублях, не кажучы пра еўра і долары. Напрыклад, СТБ у 2016-м годзе будзе мець фінансаванне памерам 24,3 мільярда, хаця ў 2015-м было 35,2. Фінансаванне АНТ у рублях таксама скарачаецца, хоць і не настолькі значна — з 35,5 мільярда да 35,4.

Выдаткі на галоўную тэлекампанію краіны, “Белтэлерадыё”, павялічваюцца з 601,8 мільярда да 683. Праўда, у доларах гэта на 16 мільёнаў менш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі