Неверагодны гол Паўла Няхайчыка з кутняга ў браму "Мінска"
У панядзелак пройдзе апошні матч 4-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. У ім сустрэнуцца мазырская "Славія" і брэсцкі "Рух" (пачатак у 17:30). Іншыя матчы прайшлі ў пятніцу, суботу і нядзелю. Гродзенскі "Нёман" і бабруйская "Белшына" згулялі ўнічыю 1:1, з такім жа лікам закончыўся паядынак "Слуцка" і "Віцебска", жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ" выйграла ў лідара "Энергетыка-БДУ" — 2:0, "Гарадзея" абыграла мінскае "Дынама" — 1:0, "Смалявічы" і "Шахцёр" згулялі ўнічыю 0:0.
У нядзелю "Мінск" быў разгромлены на сваім полі БАТЭ — 0:3. У першым тайме вызначыліся Станіслаў Драгун і Антон Сарока (ён доўга аднаўляўся пасля траўмы). А на 62-й хвіліне Павел Няхайчык забіў неверагодны гол простым ударам з кутняга!
Брэсцкае "Дынама" атрымала валявую перамогу над "Іслачу" — 3:1. На гол Дзмітрыя Камароўскага дынамаўцы адказалі трапнымі ўдарамі Кікі Габі, Арцёма Мілеўскага і Паўла Савіцкага (з пенальці). На "Брэсцкім" прысутнічалі 1169 заўзятараў.
У першынстве лідыруюць "Тарпеда-БелАЗ" і "Энергетык-БДУ" — па 9 ачкоў, у брэсцкага "Дынама", "Віцебска" і "Слуцка" — па 7. У групу лідараў можа ўварвацца "Славія", у якой 6 ачкоў і матч у запасе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.