Невядомы "замініраваў" тры гатэлі ў Мінску, аэрапорт і вакзал (фота, відэа)
19 жніўня каля 8:00 раніцы з'явіліся звесткі пра магчымае мініраванне трох гатэляў у Мінску, інфармуе прэс-служба МУС у сваім Telegram-канале.
У мілицыю звярнуліся прадстаўнікі персаналу гатэляў "Беларусь", "Юбілейная" і "Гарні". Ім на электронную пошту прыйшлі паведамленні ад невядомага, быццам у іх гатэлях закладзеныя выбуховыя прыстасаванні. Дарэчы, гатэль "Гарні" знаходзіцца насупраць будынка Генеральнай пракуратуры.
Пазней стала вядома, што аналагічныя лісты прыйшлі на электронную пошты чыгуначнага вакзала і Нацыянальнага аэрапорта "Мінск".
Ва ўсе тры гатэлі неадкладна выбылі сапёрна-піратэхнічныя і следча-аператыўныя групы, іншыя службы. Яны вядуць абследаванне будынкаў на прадмет наяўнасці небяспечных рэчываў.
МУС не выключае, што спатрэбіцца эвакуяваць персанал і гасцей гатэляў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.