Водазабеспячэнне ў Мінску аднавілі, але людзі скардзяцца на якасць вады
Якасць вады пакідае жадаць лепшага (ілюстрацыйнае фота)
Водазабеспячэнне раёнаў Мінска, якія ўчора ўвечары засталіся без вады, поўнасцю адноўлена, піша БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Вада знікла напярэдадні ў 20.30 у Кастрычніцкім, Заводскім і Ленінскім раёнах Мінска, а таксама ў аграгарадку Гатава, вёсках Каралішчавічы і Новы Двор Мінскага раёна. Работнікі ЖКГ гаварылі аб тым, што "у сістэме водазабеспячэння назіраецца зніжэнне ціску, адсутнасць і пагаршэнне якасці вады". Да бальніц, размешчаных у гэтых раёнах, быў арганізаваны падвоз вады. Пазней стала вядома, што праблемы ўзніклі з-за аварыі на вадаводзе, была пашкоджана труба ў вёсцы Клімавічы Мінскага раёна. Прычына парыву высвятляецца.
Яшчэ ўчора ўвечары — у раёне 23.30 — пашкоджанне было лакалізавана, заявілі камунальнікі. А ў 00.15 пятніцы вада пачала паступаць у кватэры. Аднак, паводле звестак Мінгарвыканкама, людзі скардзяцца на дрэнную якасць вады.
"Паводле інфармацыі Мінскводаканала, пасля аднаўлення водазабеспячэння аварыйнымі брыгадамі прадпрыемства неадкладна арганізавана прамыванне асобных участкаў сетак водазабеспячэння", — заявілі чыноўнікі. Яны запэўніваюць, што ідзе пастаянны маніторынг "якасці з правядзеннем рэгламентальных работ", і што "праблема будзе вырашана".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.