Пыл над Беларуссю: ці ёсць небяспека і як абараніцца ад шкоды?
Пыл накрыў Беларусь
Над Беларуссю зноў неспакойна. І не, гэтым разам гаворка не пра “Шахеды” і дым, а пра вялізныя аблокі пылу на ўсходзе краіны. На спадарожнікавых картах відаць, што яны накрылі не толькі Беларусь, але і Украіну.
Еўрарадыё разам з навукоўцам-хімікам Сяргеем Бесарабам паспрабавала разабрацца, адкуль узяўся гэты пыл, чым ён небяспечны і ці будуць такія буры паўтарацца ў будучыні (здаецца, што так).
Пыл з Каспія
З улікам змянення надвор’я такія з’явы цяпер не рэдкасць. Бесараб кажа, што сёлета пыльныя буры ўжо назіралася ў сакавіку-красавіку, і тады яны ішлі з пустыні Сахара.
— Цяпер жа пыл ляціць з тэрыторыі Казахстана, многія кажуць, што гэты пыл — з Прыкаспійскай нізіны. Фактычна гэта пясок ці пылападобныя фракцыі глебы, якія існавалі на засушлівых і паўзасушлівых тэрыторыях, потым іх проста падняла ў атмасферу моцным ветрам і панесла далей. Агулам такая з’ява называецца пустэльны пыл, але ў гэтым выпадку гэта хутчэй перанос мінералізаваных глебаў з незасеяных разараных зямель каля Каспія.
Астма, бранхіт і сілікоз
Калі паветра забруджанае часцінкамі PM-10 і PM-2,5 [часцінкі таго ці іншага рэчыва дыяметрам ад 10 да 2,5 мікраметра і меншыя. — Еўрарадыё] — гэта заўсёды небяспечна.
Паводле навукоўца, часцей лічыцца, што ўдыханне гэтых мелкіх часцінак становіцца прычынай астмы і бранхіту, а таксама можа абвастрыць гэтыя захворванні, калі яны некалі былі. Бесараб нагадвае, што з пылам у паветры могуць быць звязаныя і раздражненні скуры, і захворванні вачэй. Існуе нават такі тэрмін, як "пустэльная ліхаманка".
А яшчэ, напрыклад, у многіх афрыканскіх краінах існуе цесная ўзаемасувязь паміж пылавымі масамі ў паветры і ўспышкамі менінгіту.
— Калі такая сітуацыя цягнецца тыднямі і чалавек ходзіць без рэспіратара, то ёсць небяспека нават сілікозу. Часцей гэта прафесійнае захворванне, якое фіксуецца ў людзей, што працуюць з мелкадысперсным пясчаным пылам.
Пясок на 80-90% складаецца з аксіду крэмнію, у якога тэкстура крышталю мае ламаную форму. Калі такія нанааскепкі трапляюць у лёгкія, то, па-першае, яны пашкоджваюць жывыя тканкі, па-другое, выклікаюць запаленчы эфект, а ў выніку — разрастанне ў лёгкіх злучальнай, так званай фібрознай, тканкі, якая не здольная ўспрымаць кісларод.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.