Нобелеўская прамова Боба Дылана
10 снежня адбылося ўручэнне Нобелеўскіх прэмій. Сёлетні лаўрэат прэміі па літаратуры Боб Дылан на ўручэнне прэміі прыехаць не змог. Аднак рок-музыка даслаў на цырымонію ліст са сваёй Нобелеўскай прамовай. Еўрарадыё публікуе яе.
Усім добры вечар. Я горача вітаю ўсіх чальцоў Шведскай Акадэміі і ўсіх астатніх паважаных гасцей сённяшняй цырымоніі.
Я шкадую, што не магу быць сёння разам з вамі, але, калі ласка, ведайце, што душой я з вамі, і што для мяне атрымаць такую прэстыжную ўзнагароду — велізарны гонар. Я ніколі не мог уявіць або здагадацца, што мне ўручаць Нобелеўскую прэмію па літаратуры. З самага дзяцінства я чытаў і ўбіраў сачыненні тых, хто быў раней прызнаны годным гэтай рэгаліі: [Рэдзьярда] Кіплінга, [Бернарда] Шоу, Томаса Мана, Пэрл Бак, Альбера Камю, [Эрнэста] Хэмінгуэя. Гэтыя гіганты літаратуры, чые кнігі цяпер вывучаюць у школах, захоўваюць у бібліятэках па ўсім свеце і абмяркоўваюць з глыбокай павагай, заўсёды рабілі на мяне моцнае ўражанне. Тое, што цяпер маё імя будзе з імі ў адным спісе, па-сапраўднаму неапісальна.
Я не ведаю, ці думалі гэтыя мужчыны і жанчыны аб Нобелеўскай прэміі. Але я думаю, што любы, хто дзесьці на планеце піша кнігу, верш або п'есу, можа ў глыбіні душы таемна марыць пра яе. Магчыма, гэтая мара пахаваная так глыбока ўнутры, што яны і самі не ведаюць пра яе.
Калі б хтосьці калісьці сказаў мне, што ў мяне ёсць хоць найменшы шанец выйграць Нобелеўскую прэмію, я б вырашыў, што верагоднасць таго прыкладна такая ж, як апынуцца на Месяцы. Праўду сказаць: у год, калі я нарадзіўся, і яшчэ некалькі гадоў пасля гэтага не было чалавека ў свеце, якога б палічылі вартым Нобелеўскай прэміі (з 1940 па 1943 гады Нобелеўская прэмія не ўручалася; Дылан нарадзіўся ў 1941-м. — meduza.io). Увогуле, я разумею, што я ў выключнай кампаніі — мякка кажучы.
Калі я атрымаў гэтую дзіўную навіну, я быў у дарозе, і мне спатрэбілася больш, чым некалькі хвілін, каб належным чынам асэнсаваць яе. Я стаў думаць пра вялікага пісьменніка Уільяма Шэкспіра. Мяркую, ён лічыў сябе драматургам. Думка пра тое, што ён займаецца літаратурай, наўрад ці прыходзіла яму ў галаву. Яго словы пісаліся для сцэны. Іх трэба было прамаўляць услых, а не чытаць. Калі ён пісаў "Гамлета", я ўпэўнены, што ён думаў пра многае: "Якія акцёры падыходзяць для гэтых роляў?", "Як гэта ставіць?", "Дзеянне дакладна павінна адбывацца ў Даніі?". Яго творчае бачанне і амбіцыі, безумоўна, больш за ўсё іншае займалі яго, але існавалі і будзённыя праблемы, з якімі трэба было разабрацца. "Ці хапае ў нас грошай?" "У нас дастаткова добрыя месцы для спонсараў?" "Дзе ўзяць чэрап?" Гатовы паспрачацца, што апошняе, пра што задумваўся Шэкспір, было пытанне: "А гэта літаратура?".
Калі я падлеткам пачаў пісаць песні, і нават калі мае здольнасці сталі атрымліваць пэўнае прызнанне, я не марыў пра нейкі асаблівы лёс для гэтых песень. Я думаў, што яны могуць гучаць у кавярнях або барах, калі-небудзь, магчыма, у залах накшталт Карнэгі-хола [у Нью-Ёрку] і "Лондан Паладыўм". У самых смелых марах я ўяўляў, што запісваю альбом і чую свае песні па радыё. Такі паварот падзей уяўляўся мне па-сапраўднаму вялікай узнагародай. Запісваць альбомы і чуць сябе па радыё азначае, што цябе слухае шмат людзей і што ў цябе можа з'явіцца магчымасць працягваць рабіць тое, што пачаў.
Што ж, я раблю тое, што пачаў, ужо вельмі доўга. Я запісаў дзясяткі альбомаў і сыграў тысячы канцэртаў па ўсім свеце. Але жыццёвы цэнтр усяго, што я раблю, — гэта мае песні. Падобна, што яны знайшлі сваё месца ў жыцці мноства людзей у многіх розных культурах. Я ўдзячны ім за гэта.
Але ёсць адна рэч, якую я павінен сказаць. Я граў жыўцом для 50 тысяч чалавек і для 50 чалавек, і я магу сказаць вам, што для 50 чалавек граць цяжэй. 50 тысяч чалавек ператвараюцца ў адзіны арганізм, а пяцьдзясят — не. У кожнага слухача свая індывідуальная асоба, свой уласны свет. Яны могуць успрымаць рэчы больш ясна. Твая шчырасць і тое, як яна суадносіцца з тваім талентам, сапраўды праходзяць выпрабаванне. Я разумею тое, як няшмат чалавек уваходзяць у Нобелеўскі камітэт.
Але, як гэта было і ў Шэкспіра, мая галава занадта часта занятая маімі творчымі амбіцыямі і спробамі разабрацца з самымі рознымі жыццёвымі справамі. "Хто з музыкаў лепш сыграе гэтыя песні?", "Ці запісваю я іх у правільнай студыі?", "Ці правільна абраная танальнасць для песні?". Некаторыя рэчы не мяняюцца нават за чатырыста гадоў.
І ніколі ў жыцці ў мяне не было часу спытаць сябе: "А мае песні — гэта літаратура?".
Таму я кажу вялікі дзякуй Шведскай Акадэміі — і за тое, што яна выдаткавала час на тое, каб адказаць на гэтае пытанне, і за тое, што гэты адказ аказаўся такім цудоўным.
Жадаю вам усяго найлепшага,
Боб Дылан