Новае пакаленне. Трэнер Таццяна Лавец
Таццяна Лавец. Фота: Таццяна Менская
Яны таленавітыя, харызматычныя, яны ўжо мяняюць наша жыццё. Яны жывуць па сваіх правілах і ператвараюцца ў новых лідараў. Еўрарадыё і фатограф Таццяна Менская працягваюць праект "Лад жыцця. Новае пакаленне". Сёння наша гераіня — трэнер Таццяна Лавец.
Таццяна Лавец прафесійна займалася баскетболам. Усё было добра, пакуль кар'еру не перакрэсліла траўма калена. Стаўшы на ногі, дзяўчына знайшла сябе ў трэнерскай працы. Яна займаецца аднаўленнем і фізпадрыхтоўкай топавых беларускіх хакеістаў, футбалістаў, працуе з мужчынскай зборнай па баскетболе.
Калі выступала за мяжой — вяртаючыся на пару месяцаў у Мінск, шукала трэнера, які мог бы падрыхтаваць мяне да сезону. Прафілактыка траўматызму, закладка падмурка на будучыню — вось былі асноўныя мае патрабаванні.
Але знайсці сапраўднага прафесіянала ў мяне так і не атрымалася.
Цяпер прыемна ўсведамляць, што я сама стала такім спецыялістам. Знакамітыя спартоўцы, маючы магчымасць выбраць любога настаўніка, ідуць да мяне.
Аднойчы да мяне на трэніроўку прыйшоў гулец нацыянальнай зборнай па футболе і маскоўскага "Лакаматыва" Ян Цігараў. І кола закруцілася: хакеісты, тэнісісты, баскетбалісты, барцы... Усе сталі ў мяне трэніравацца.
Усё сваё жаноцкасць я пакідаю за дзвярыма, як толькі ўваходжу ў залу. Хоць страціць галаву ад спартсмена-трудагола магу лёгка (усміхаецца). Такія людзі мне сімпатычныя. Тыя, хто пераходзіць зону свайго камфорту, проста натхняюць мяне! Такіх спартоўцаў я проста люблю. Калі бачу як чалавек выкладваецца, разумее мяне з паўслова — сама яшчэ больш аддаюся працэсу, не шкадую сябе.
Хочаш выніку? Толькі поўная самааддача! Да сваёй мэты трэба ісці, штодня пераадольваючы сябе.
Ніколі не разумела спартоўцаў, якіх проста нясе плынь, асабліва адораных. Ці гэта ў іх забава такая — выводзіць мяне з сябе? Зразумела — на такіх трэба крычаць. Ды і крык разражае мяне — часам атрымліваю ад гэтага задавальненне сама. І праца потым ідзе зусім па-іншаму.
Дома не крычу ніколі. Па той бок працы я — абсалютна мірны чалавек. Мне часам здаецца, што ў свеце ёсць толькі я і мая праца. Блізкія прымаюць мяне такой, я цаню іх за гэта вельмі.
Няпраўду пішуць, што краіна ў нас арыентаваная на спорт. Лядовыя арэны? Ну, схадзіў туды з сям'ёй, раз, другі. Але гэта дорага для нашых людзей!
Праца надае мне упэўненасць і радасць, але ўнутранага спакою няма. Я быццам бы галавою ўперлася ў столь, хоць і адчуваю, што магчымасці для росту ёсць.
Стала больш марыць. Напрыклад, пра ўласны спартовы цэнтр. Не абавязкова рэабілітацыйны — траўміраваных у нас мала. Захапляюцца спортам адзінкі, але многія ж проста сядзяць дома — у гэтым праблема! Элементарна хацелася б больш абсталяваных спартыўных пляцовак, даступных для людзей, каб хоць дзеці нашыя раслі здаровымі.
Я пад велізарным уражаннем ад таго, наколькі вялікія магчымасці чалавечага цела. Калі ведаеш анатомію руху, умееш працаваць з целам правільна, можна дасягнуць неверагодных вынікаў. Хачу дзяліцца гэтымі ведамі — весці семінары для трэнераў.
Верагодна, праца з целам — глыбока маё. Знайшла, што ў мінулым жыцці я была мужчынам-танцорам. Люблю танцы, хаця ніколі не вучылася. На адзін дзень я б з задавальненнем памянялася б ролямі, напрыклад, з Крысцінай Арбакайтэ. Трэба прапанаваць! Яна прыгожа танчыць, а я — крычу!
У гасцях не п'ю, пасля вечарынкі развожу ўсіх па хатах. Мне не падабаецца стан пасля спіртнога: не той твар і зусім не тваё цела. А гэта важна для мяне.
Але вось што люблю, так гэта вкусненько паесці! Магу дзясятак шакаладных цукерак, а магу і палову торціка за раз, смачна ж! Ем і накараю на сябе. Імкнуся не даваць рэкамендацыі па харчаванні, пакуль сама такая.
Красовак у маім доме роўна столькі ж, колькі і туфляў! Калі б быў выбар паміж новымі красоўкамі, трэнажорам або вячэрняй сукенкай, усё роўна б выбірала спорт. Але ўсё ж часам хочацца пабыць па той бок, адчуць сябе па-іншаму. Усё лета хаджу ў сукенках, мне гэта кампенсуе недахоп "таго самага" жыцця.
Горш за ўсё трэніраваць моладзь 1990-х, іх толькі абняць і плакаць. Кампутарныя гульні! У хлопцаў рэальна няма сіл, цягавітых на ўзроўні прыроды — адзінкі. Да мяне такія нават не траплялі.
Новае пакаленне. Зорка "Вялікай оперы" Маргарыта Ляўчук
Новае пакаленне. Спявак Пётр Клюеў
Фота, ідэя, тэкст — Таццяна Менская.
Стыліст — Надзея Сліжэўская.