Па петыцыі аб адстаўцы ў год. Што вядома пра новага старшыню ЦВК Карпенку
Ігар Карпенка / Еўрарадыё
У панядзелак, 13 снежня, Аляксандр Лукашэнка прызначыў старшынёй ЦВК былога міністра адукацыі Ігара Карпенку. Прызначаючы новага кіраўніка ЦВК, Лукашэнка адзначыў, што "нас чакаюць няпростыя часы, пачынаючы з рэферэндуму, правядзення яго". І дадаў, што Карпенка чалавек дасведчаны, "і, у гарвыканкаме працуючы, ведаеце, што такое гэтыя электаральныя кампаніі". Што вядома пра Ігара Карпенку і чаго чакаць ад новага кіраўніка?
Біяграфія
Ігар Карпенка родам з Сібіры. Пасля школы пайшоў у войска і апынуўся ў Мінску. Скончыў педінстытут па спецыяльнасці "Гісторыя і замежная мова", у выніку застаўся там выкладаць. Там яго паставілі прарэктарам па выхаваўчай рабоце. Потым і начальнікам вучэбнага цэнтра "Сучасны свет", які прапаноўваў дадатковую платную адукацыю па замежных мовах, а таксама камп'ютарныя курсы.
Петыцыі
Па словах былых студэнтаў, у Ігара Карпенкі быў адносна лаяльны і сучасны стыль кіраўніцтва ў інстытуце. Але ў ролі міністра ён выклікаў шмат незадаволенасці: толькі ў 2020 годзе петыцыю за адстаўку падпісалі 1300 чалавек за два дні. У 2018 годзе аналагічную петыцыю падпісалі 845 чалавек, у 2019-м — 307.
Асноўная прэтэнзія леташняй петыцыі была ў тым, што Мінадукацыі не змагло арганізаваць дыстанцыйнае навучанне школьнікаў і студэнтаў і гарантаваць бяспеку школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў праз адмену або перанос заняткаў.
БЧБ-сцяг
Акрамя таго, Ігар Карпенка, як і належыць наменклатуршчыку такога ўзроўню, не сімпатызуе БЧБ-сцягу і вельмі выбіральна інтэрпрэтуе гісторыю.
Размаўляючы са студэнтамі з інтэрнатаў Студэнцкай вёскі ў Мінску, ён расказаў гісторыю сваёй сваячкі. Яе гісторыя была таксама расказана ў кнізе Алеся Адамовіча, Уладзіміра Калесніка і Янкі Брыля "Я з вогненнай вёскі".
Размаўляючы са студэнтамі з інтэрнатаў Студэнцкай вёскі ў Мінску, ён расказаў гісторыю сваёй сваячкі. Яе гісторыя была таксама расказана ў кнізе Алеся Адамовіча, Уладзіміра Калесніка і Янкі Брыля "Я з вогненнай вёскі".
Па словах Карпенкі, гэтая жанчына ў вайну страціла дваіх дзяцей. Іх разам з аднавяскоўцамі расстралялі. Сама жанчына была параненая, але змагла выбрацца з ямы. Пасля вайны яна прыходзіла на могілкі да дзяцей, "станавілася на калені і пачынала галасіць — у мяне да гэтага часу ўвушшу стаіць гэты гук крыку маці, якая пакутуе па сваіх дзецях, — я што, у гэтай сітуацыі буду гэтую анучу падтрымліваць?" — звярнуўся да студэнтаў міністр.
"Калі ў вас дзяды не былі паліцаі, не былі калабарацыяністамі, ваявалі, вы ніколі не падтрымаеце, таму што гэта на генетычным узроўні закладзена", — сказаў на заканчэнне Ігар Карпенка.
Супраць крытыкі настаўнікаў
Яшчэ Карпенка прасіў не крытыкаваць публічна настаўнікаў. Выказваць заўвагі і прапановы можна, па яго словах, на педсаветах і бацькоўскіх сходах. Яшчэ для гэтага падыходзіць абмеркаванне праблем у педагагічнай супольнасці, на калегіі міністэрства і ў іншых арганізацыях. "Але дакладна не інтэрнэт, і не школьнікі павінны абмяркоўваць з бацькамі ці яшчэ з кім-небудзь настаўніка", — сказаў Карпенка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала.
У 2019 годзе ў 15-й школе Гомеля адбыўся інцыдэнт, калі настаўніца вылаялася матам на вучня чацвёртага класа, трымаючы ў руках над ім парту. Яго аднакласнікі знялі тое, што адбывалася, на відэа.
У краіне шырока абмяркоўвалася відэа, на якім педагог занесла над галавой чацвёртаклашкі парту і пры гэтым гучна крычыць: "Трэсну, а потым паглядзім! Я пайду ў турму, а табе п*****ц будзе!" Пасля здарэння Лукашэнка ўзяў сітуацыю на асабісты кантроль.
Камунізм
Ігар Карпенка сакратар (кіраўнік) праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. Ён узначальвае арганізацыю з 2012 года. Калі яго ў 2016 годзе прызначалі на пасаду, эксперты лічылі, што гэта вяртанне ў 80-я.
"Прызначэнне на пасаду міністра адукацыі чалавека з Камуністычнай партыі гаворыць само за сябе. Яно гаворыць пра поўнае вяртанне сістэмы адукацыі на ўзровень канца 80-х гадоў, я б так сказала. Гэта фактычна рэстаўрацыя ідэалагічных асноў, якія былі закладзены яшчэ ў савецкія часы. І канстатацыя таго, што ў сферы адукацыі за ўвесь гэты час фактычна нічога не адбылося", — расказвала тады Еўрарадыё кандыдатка педагагічных навук і экспертка Агенцтва гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.