Падлеткаў, якія залілі Вечны агонь у Гродне, пакінулі пад вартай
Вечны агонь у парку Жылібера ў Гродне / БЕЛТА
Падлеткаў, якія днямі ў Гродне патушылі Вечны агонь газаваным напоем, пакінулі пад вартай. Такое рашэнне прыняла пракуратура Гродна. Рашэнне агучвалі публічна — у прысутнасці навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў №1 і сярэдняй школы №39.
Выбар такой меры стрымання быў абумоўлены "абставінамі злачынства і дадзенымі пра асобу абвінавачаных", растлумачыў намеснік начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў.
Супраць падлеткаў распачалі крымінальную справу. Іх абвінавачваюць у злосным хуліганстве. Хлопцам 14 і 15 гадоў. Увечары 15 кастрычніка ў парку Жылібера адзін з іх выліў на Вечны агонь напой, а другі зняў гэта на відэа і затым выклаў у сацсеткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.