Парашэнка з трыбуны ААН заявіў, што Расія рыхтуе агрэсію
Пётр Парашэнка з трыбуны Арганізацый Аб'яднаных Нацый заявіў, што Расія рыхтуе агрэсію супраць Украіны. Ён не выключае паўнамаштабнай вайны. Парашэнка выступіў падчас абмеркавання Генасамблеяй сітуацыі на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях. Паводле яго слоў, на люты 2019-га ў Крыме Расія размясціла больш за 32 тысячы сваіх вайскоўцаў, 88 артылерыйскіх сістэмаў, 52 рэактыўныя сістэмы залпавага агню, 372 бронемашыны, 113 баявых самалётаў. Ён не выключае, што на паўвостраве можа быць разгорнутая ядзерная зброя.
Украінскі прэзідэнт лічыць, што прыйшоў час паставіць РФ на месца і пазбавіць яе права вета ў Саўбезе ААН.
Пётр Парашэнка таксама заявіў пра пагаршэнне экалагічнай сітуацыі і рызыку тэхнагеннай катастрофы на Данбасе. Паводле яго слоў, там існуе шэраг небяспечных аб'ектаў, якія могуць стаць эпіцэнтрам катастрофы ў выніку абстрэлаў.