Пётр Парашэнка паведаміў пра сустрэчу з Святланай Ціханоўскай
Пётр Парашэнка і Святлана Ціханоўская
Экс-прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 8 сакавіка ў сваім тэлеграм-канале паведаміў пра сустрэчу з лідаркай беларускіх дэмакратычных сілаў Святланай Ціханоўскай.
Верагодна, гэтая сустрэча адбылася ў Румыніі на палях з'езду Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП). Ціханоўская выступала на пленарным пасяджэнні з'езда 6 сакавіка. Былы ўкраінскі прэзідэнт таксама ўдзельнічаў у мерапрыемствах ЕНП.
"Удзячны беларусам, якія са зброяй у руках сёння абараняюць Украіну. Упэўнены, што нашая перамога адкрые дзверы для многіх новых і доўгачаканых перамог у цэлым рэгіёне. Пра гэта і не толькі гаварылі са Святланай Ціханоўскай", — напісаў у сваім тг-канале Парашэнка.
Гэта ўжо другая сустрэча палітыкаў. Першая прайшла 20 лістапада 2022 года ў Канадзе падчас Форуму па бяспецы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.