Парламент Арменіі ўхваліў законапраект аб еўраінтэграцыі краіны

Сцягі Арменіі і Еўрасаюза / Shutterstock
Дэпутаты Нацсходу Арменіі прынялі закон аб пачатку ўваходжання краіны ў Еўрасаюз. За праект прагаласавалі 63 дэпутаты, супраць — сямёра.
У галасаванні не ўдзельнічала фракцыя "Арменія". Яе кіраўнік Сейран Аганян заявіў, што гэты законапраект не можа лічыцца законам.
"Уваходжанне ў ЕС патрабуе правядзення рэферэндуму, ініцыятыва якога належыць ураду. Канстытуцыя не прадугледжвае ніякага іншага механізму сяброўства, у тым ліку і ініцыявання якога-небудзь законапраекта ў форме закона. У крайнім выпадку гэты праект можна лічыць заявай або пасланнем Нацыянальнага сходу", — цытуе "Каўказскі вузел" словы дэпутата.
Дэпутат кіруючай фракцыі "Грамадзянская дамова" Сяргей Баграцян звярнуў увагу, што Ерменія зя'ўляецца чальцом Еўразійскага эканамічнага саюза, на краіны якога прыпадае больш за 50% знешняга гандлю. Ён спытаў, як будуць вырашаць гэтыя эканамічныя праблемы. У адказ прадстаўнік ініцыятыўнай групы Артак Зейналян сказаў, што гэты законапраект не датычыць выхаду з ЕАЭС.
Намеснік міністра замежных спраў Арменіі Паруйр Аванісян у сваім выступе адзначыў, што гэты законапраект не з'яўляецца афіцыйнай заяўкай на ўваходжанне ў Еўрасаюз. Маўляў, гэта толькі палітычная заява і сігнал Бруселю, каб абазначыць "палітычную волю на якаснае паглыбленне партнёрства з Еўрасаюзам".
Законапраект павінен прайсці яшчэ і другое чытанне, але дата пасяджэння пакуль невядомая.
У сакавіку 2024-га дэпутаты Еўрапарламента прынялі рэзалюцыю, у якой прапанавалі разгледзець магчымасць прадастаўлення Арменіі статусу кандыдата ў чальцы Еўрасаюза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.