ПАСЕ прыняла рэзалюцыю па Беларусі — многія дэпутаты палічылі яе занадта мяккай

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы​ / wikipedia.org
Парламенцкая асамблея Рады Еўропы​ / wikipedia.org

Беларусь павінна спыніць выкарыстоўваць мігрантаў у супрацьстаянні з Захадам, а краіны ЕС абавязаны даць магчымасць атрымаць прытулак кожнаму жадаючаму. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі ПАСЕ, якая была прынята ў чацвер у Страсбургу, паведамляе Deutsche Welle.

ПАСЕ лічыць, што міграцыйная напружанасць на мяжы Беларусі з краінамі — членамі Савета Еўропы (СЕ) і Еўрасаюза створана штучна. Такія дзеянні афіцыйнага Мінска асамблея называе "гібрыднай атакай" і "асуджае любое выкарыстанне мігрантаў, бежанцаў і просьбітаў прытулку ў палітычных мэтах".

Пры гэтым ПАСЕ катэгарычна асудзіла практыку вяртання мігрантаў "ў трэцюю краіну, дзе ім не можа быць гарантаваная міжнародная абарона" і нагадала дзяржавам — членам СЕ аб забароне на калектыўную высылку замежнікаў.

Беларускія ўлады павінны спыніць практыку спрошчаных паездак у Беларусь на падставе турызму для грамадзян трэціх краін, гаворыцца ў рэзалюцыі ПАСЕ. Акрамя таго, афіцыйны Мінск павінен ўтрымацца ад незаконных дзеянняў у адносінах да нелегальных мігрантаў.

У сваю чаргу Латвія, Літва і Польшча абавязаныя даць усім жадаючым прайсці працэдуру атрымання палітычнага прытулку і не спрабаваць выправадзіць мігрантаў назад у Беларусь. ПАСЕ настойвае, каб улады гэтых трох краін ўжывалі турэмнае заключэнне ў дачыненні мігрантаў толькі як выключную меру.

Як стала вядома DW, да тэксту рэзалюцыі прыкладаліся папраўкі. У іх прапаноўвалася ўвесці дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў выпадку новага абвастрэння міграцыйнага крызісу. Аднак профільны камітэт адхіліў папраўкі, таму на галасаванне яны не выносіліся. Пры гэтым многія прамоўцы на асамблеі заявілі, што тэкст рэзалюцыі дужа мяккі ў адносінах да Беларусі, адзначае выданне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі