Пасля цёплых выхадных Беларусь чакае пахаладанне
Пасля цёплых выхадных у Беларусь прыдзе “прахалодны” антыцыклон. Напачатку наступнага тыдня сіноптыкі чакаюць сухое, але прахалоднае надвор’е.
У суботу, 4 чэрвеня, яшчэ захаваецца цёплае і сухое надвор’е. Ноччу тэмпература будзе каля +13 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да 23 градусаў са знакам плюс.
У нядзелю, 5 чэрвеня, пачнецца паніжэнне тэмпературы паветра. Ноччу тэмпература панізіцца да +6…+13, удзень — 13-20 цяпла. У паўднёвых раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей будзе на некалькі градусаў цяплей.
Як паведаміла Еўрарадыё галоўны сіноптык Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова, у першыя дні наступнага тыдня чакаецца пахаладанне.
Рыбакова: “Ужо 6-7 чэрвеня тэрыторыя Беларусі апынецца пад уплывам скандынаўскага антыцыклона. Ён фармаваўся ў паўночным паветры, што абумовіць сухое, але халоднае надвор’е”.
У панядзелак, 6 чэрвеня, у начныя гадзіны чакаецца +3..+9, удзень — 12-18 градусаў вышэй за нуль. На паўднёвым захадзе тэмпература можа павысіцца да +20 градусаў. Па поўначы краіны магчымыя караткачасовыя дажджы.
Ноччу ў аўторак, 7 чэрвеня, тэмпература паветра панізіцца да +2…+8. На глебе магчымыя замаразкі. Удзень паветра прагрэецца да 13-20 цяпла. У наступныя дні тэмпература паветра будзе павышацца, кажуць сіноптыкі.