"Пасля жоўтых ваз лагічна". Як людзі рэагуюць на перафарбоўку Чырвонага дворыка
dekormyhome.ru
Навіна аб тым, што культавы Чырвоны дворык у цэнтры Мінска можа быць перафарбаваны ў ружовы колер, абурыла мінчан. Сацыяльныя сеткі накрыла хваля незадаволеных і саркастычных каментарыяў. Людзі абмяркоўваюць, хто мог "заказаць" дворык і чаму выбралі такі дзіўны "парасячы" колер.
“Свінка Пэпа спакою не дае, мабыць”, — думае Siarhei Hlush.
“Пасля жоўтых ваз лагічна...” — піша Лізавета Тапчэўская.
“Гэтая фарба ў іх пасля Мірскага замка засталася. Не свіням жэж аддаваць!” — предполагает Святлана Багданава.
“Колер сцягна спалоханай німфы”, — жартуе Ганна Гадзірава.
"Яшчэ можна зрабіць дворык колераў дзяржаўнага сцяга. І музыку круціць у выглядзе дзяржаўнага гімна. І партрэты. Пабольш партрэтаў значнага дзяржаўнага дзеяча", — прапануе альтэрнатыву Андрэй Сыцько.
Раней у цёплую пару года ў Чырвоным дворыку праходзілі канцэрты, танцы пад пласцінкі і кінапаказы. Цяпер тут — офісы і некалькі кафэ, у якіх вечарамі няма свабодных месцаў.
"У мяне было благое прадчуванне! — піша рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына. — Калі сядзела там апошні раз, разглядала злёгку абшарпаныя чырвоныя сцены і думалася: як да гэтага часу ніякаму важнаму чалавеку не прыйшла ў галаву ідэя тут рамонт зладзіць — шоб было фсё чысценька/акуратненька... Але — ружовы?! За межамі проста".
Пасля разгалашэння будаўнічыя работы ў Чырвоным дворыку прыпынілі
Пра тое, што дворык збіраюцца перафарбоўваць, Еўрарадыё паведаміла ў аўторак вечарам уладальніца мясцовага бара "Сіняя каза" Ксенія Фёдарава. Па словах будаўнікоў, якія там працуюць, Міністэрства культуры і КУП "Мінская спадчына" колер ухвалілі. Чыноўнікі гэта адмаўляюць, а ў "Спадчыне" нам наогул сказалі, што ўсім "добраўпарадкаваннем" займаюцца ўласнікі будынка па Камсамольскай 11, к. 7. Да іх і пытанні.
"Пасля таго як СМІ апублікавалі навіну, работы ў дворыку прыпыніліся, — расказвае Ксенія. — Сёння тут ціха і прыбрана. Магчыма, ініцыятары перафарбоўвання спалохаліся праверкі, таму што навіна здзівіла нават Мінкульт. Я спадзяюся, што рэакцыя ў сацыяльных сетках дапаможа захаваць колер нашага дворыка".
У інтэрнэце ўжо створана петыцыя ў абарону Чырвонага дворыка. Калі фарба ўжо закуплена, карыстальнікі "Фэйсбука" прапануюць скінуцца на пігмент і змяніць яе колер. Сярод прапаноў ёсць і больш радыкальныя: напрыклад, прыходзіць і зафарбоўваць дворык у чырвоны, пакуль яго не пакінуць у спакоі.
У Мінску ўжо была аналагічная гісторыя. Улетку 2018 года чырвоны дом № 3, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя на праспекце Машэрава, пафарбавалі ў ружовы колер. Тады ў Мінкульце таксама нічога пра гэта не ведалі. Пасля рэакцыі ў сацыяльных сетках дом зноў быў пафарбаваны ў чырвоны. Але вярнуць першапачатковы тон так і не ўдалося.