Патэльня для паспяховай і незалежнай: выпадковасць ці абраза жанчыны?

Патэльня для паспяховай і незалежнай: выпадковасць ці абраза жанчыны?

З патэльняў, якія арганізатары жаночага бізнес-саміту “Ты можаш!” у Гомелі падарылі валанцёркам, пачаліся сапраўдныя беларускія інтэрнэт-разборкі. Адны кажуць, што патэльня — добры падарунак, іншыя — што для паспяховай і незалежнай жанчыны такі падарунак выглядае як абраза.

Журналіст Пётр Кузняцоў, з поста ў Facebook якога і пачалася ўся гісторыя, спачатку напісаў, што ў арганізатараў саміту трэба яшчэ павучыцца тролінгу. Але пасля паправіўся: патэльня ў падарунак жанчыне ні на што не намякае, бо ў сям’і, дзе любяць гатаваць і жонка, і муж, яна спатрэбіцца абаім.

Дык у чым жа праўда? Еўрарадыё вырашыла высветліць гэта з дапамогай феміністак, прадстаўніц Беларускага саюза жанчын, арганізатарак саміту “Ты можаш!” і Лідзіі Ярмошынай, якая яшчэ ў 2010-м годзе фразай пра кухню і боршч зарэкамендавала сябе як вялікую спецыялістку па месцы прыгожай паловы чалавецтва ў грамадска-палітычным жыцці.

Не кожны можа сабе дазволіць нават самую танную патэльню

У Беларускім саюзе жанчын пытанне пра тое, ці з’яўляецца патэльня сексісцкім падарункам, увогуле не зразумелі:

“А што з патэльнямі не так? Цікава. Гэта ж не прэзерватывы падарылі. І то, нават прэзерватывы былі б да месца... Я не разумею, якія прэтэнзіі да патэльняў? Гэта ж быў жаночы саміт. Але, калі б гэта нават быў і сумесны саміт, дык патэльняй могуць карыстацца як жанчына, так і мужчына.

Патэльня для паспяховай і незалежнай: выпадковасць ці абраза жанчыны?
Падчас уручэння падарункаў. Фота: facebook.com/evgeniakreschuk

Мне падаецца, проста любы жаночы форум жадаюць прынізіць. Падарунак жа зроблены. Увогуле, цяпер самая танная патэльня каштуе больш за пяцьдзясят рублёў, нават не кожны можа сабе дазволіць! Я б нават лічыла, што ўсё цалкам нармальна. Асабліва калі гэты форум кожны год праходзіць. Схадзі, набяры дамоў посуд. Любыя падарункі добрыя”, — распавялі Еўрарадыё ў арганізацыі.

Нашмат лепш, чым цукеркі

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына таксама не бачыць у патэльні нічога дрэннага:

“Ва любым выпадку, гэты падарунак карысны. Гэта нашмат лепш, чым цукеркі. З іншага боку, я разумею, што з пункта гледжання заходняга асвечанага слухача, гэты падарунак палічылі сексісцкім. Таму што ён намякае, што месца жанчыны — каля пліты. Але я б не ставілася да гэтага так проста. Зразумела, можа, гэта досыць прымітыўна і паўсядзённа, але гэты падарунак карысны”.

Што тычыцца добрых падарункаў для жанчыны, дык, на думку Лідзіі Міхайлаўны, гэта можа быць беларуская касметыка ці сталовыя наборы. Гэта нашмат лепш, чым “бясконцая колькасць кубкаў ці тэрмакубкаў з лагатыпамі”, мяркуе старшыня ЦВК.

Ці працягваюць на жаночым саміце “Ты можаш!” дарыць патэльні?

Калі скандальны факт пра патэльню ў падарунак пайшоў гуляць па інтэрнэце, арганізатарка саміта “Ты можаш!” Святлана Зэрэ запусціла флэшмоб пра тое, што жанчыны могуць не толькі гатаваць. 1 лютага сустрэча ў межах саміту адбылася ў Віцебску. Еўрарадыё паспрабавала звязацца са Святланай, каб даведацца, ці падарылі патэльні і яго ўдзельніцам таксама.

Аднак PR-менеджар бізнес-лэдзі Ларыса Каханоўская адмовілася размаўляць з Еўрарадыё: на дадзены момант каментарыяў не будзе: “У нас вялікі пул інфапартнёраў. На сённяшні дзень мы даём інтэрв’ю і нейкія актыўнасці робім толькі з вызначанымі інфапартнёрамі”.

Сама Святлана Зэрэ пакінула ў Facebook допіс пра тое, што гвалт вакол патэльні паднялі канапныя эксперты, а гаворка пра тое, што “патэльня — гэта прамое ўказанне дзяўчыне сядзець на кухні і займацца гаспадаркай”, прыцягнутая за вушы.

“Жанчыны працуюць у дзве змены: спачатку на працы, а потым дома”

Экспертка па гендарных пытаннях Ірына Саламаціна тлумачыць Еўрарадыё, што сітуацыя з выкананнем хатніх спраў у беларускіх сем’ях непрымальная для жанчын:

“Усе даследаванні яскрава паказваюць, што ў Беларусі дагэтуль вялікая праблема з роляй жанчыны ў сям’і, бо з савецкіх часоў мала што змянілася. Як і ў савецкі час, жанчыны працуюць у дзве змены: спачатку на працы, а потым дома. А хатняя праца, якую выконвае жанчына, не ацэньваецца і не пераразмяркоўваецца раўнамерна паміж мужчынам і жанчынай. Таму такі падарунак выглядае як мінімум двухсэнсоўна”.

Па словах эксперткі, абмеркаванне ў інтэрнэце паказвае, што муж дзяўчыны аказаўся нават больш прагрэсіўным, чым арганізатаркі форума, бо кожнае падобнае мерапрыемства звязанае з пэўнымі каштоўнасцямі. А ў выпадку з такім падарункам незразумела, якія каштоўнасці прасоўваюцца.

Здзівіла Саламаціну і рэакцыя Святланы Зэрэ:

“Святлана напісала, што яна выступае выключна за баланс і жаночы поспех. За баланс паміж чым і чым? Каб жанчына працавала, а пасля прыходзіла дамоў ды яшчэ і гатавала? У нас не так шмат сямей, якія могуць сабе дазволіць замаўляць ежу. Таму збольшага можна зразумець, хто яе гатуе. Зразумела, што гэтая сітуацыя была проста непрадуманая да канца ў плане прасоўвання партнёраў. І, на жаль, атрымалася так, што ў грамадстве пра мерапрыемства пачулі не праз нейкі натхняльны выступ ці ідэю, а праз гэтую патэльню”.

На думку Ірыны, аптымальным варыянтам было б як раз запрашэнне мужа, сям’і на ўзнагароджанне валанцёраў, якія дапамагалі арганізоўваць мерапрыемства. І калі б мужчыну падарылі патэльню, гэта б толькі падкрэсліла, што ён бярэ на сябе адказнасць за дамашнія справы і дзяцей, пакуль жанчына занятая.  

І гэта сапраўды было б добра — тым больш, што і сам Пётр Кузняцоў, з якога ўсё пачалося, прызнаўся, што яму патэльня спатрэбілася б.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі