Паўночная Карэя запусціла чарговую ракету ў бок Японскага мора

У студзені Паўночная Карэя правяла сем ракетных выпрабаванняў / EPA
У студзені Паўночная Карэя правяла сем ракетных выпрабаванняў / EPA

Паўночная Карэя запусціла балістычную ракету ў бок Японскага мора. BBC паведамляе, што гэта найбуйнейшы запуск з 2017 года.

У сувязі з запускам, у Паўднёвай Карэі збіраецца экстранае паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі. Аб'яднаны камітэт начальнікаў штабоў краіны заяўляе, што вайскоўцы адсочваюць "адпаведныя перамяшчэнні ў КНДР", а ў падраздзяленнях рэспублікі падтрымліваецца ўзровень баявой гатоўнасці ў сувязі з запускам.

Інфармацыю аб пуску ракеты пацвярджае і берагавая ахова Японіі. Ведамства папярэдзіла рыбалоўныя судны аб рызыцы падзення абломкаў.

Паводле інфармацыі генеральнага сакратара кабінета міністраў Японіі Хіракадзу Мацуна, ракета, як мяркуецца, упала за межамі выключнай эканамічнай зоны краіны ў Японскім моры. У сувязі з тым, што адбылося, урад Японіі выказаў КНДР пратэст.

"Запускі балістычных ракет парушаюць адпаведныя рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН, у сувязі з чым КНДР быў выражаны суровы пратэст, — падкрэсліў Мацуна. — Мы ўсё яшчэ высвятляем падрабязнасці, але калі зыходзіць са звычайнай балістычнай траекторыі, то максімальная вышыня палёту ракеты склала каля 2 тысяч кіламетраў, яна праляцела адлегласць прыкладна 800 кіламетраў. Зыходзячы з вышыні і адлегласці палёту, ёсць верагоднасць, што КНДР запусціла балістычную ракету большай, чым сярэдняй далёкасці".

Пуск стаў сёмым з пачатку года. У студзені КНДР правяла ўжо выпрабаванні тактычных кіраваных ракет і чыгуначнага ракетнага комплексу, а таксама гіпергукавых ракет, здольных ажыццяўляць манеўры пасля ўзлёту.

Афіцыйныя асобы Японіі і Паўднёвай Карэі падлічылі, што ракета дасягнула вышыні 2000 кіламетраў і праляцела за 30 хвілін на адлегласць 800 кіламетраў. Яна прызямлілася ў Японскім моры.

Раней ЗША ўвялі дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Паўночнай Карэі ў адказ на папярэднія запускі ракет. Перамовы паміж дзвюма краінамі зайшлі ў тупік пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Ракеты, выпрабаваныя раней у гэтым месяцы, паказалі, што Паўночная Карэя распрацоўвае тэхналогіі, якія могуць перамагчы дарагія і складаныя сістэмы супрацьракетнай абароны, якія Амерыка і Японія разгортваюць у гэтым рэгіёне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі