Перад шпіталізацыяй Калеснікава ў ШІЗА некалькі разоў губляла прытомнасць

Марыя Калеснікава / Еўрарадыё, архіўны здымак
Марыя Калеснікава / Еўрарадыё, архіўны здымак

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці таго, як Марыя Калеснікава трапіла ў лякарню. Перад гэтым палітзняволеная некалькі разоў губляла прытомнасць, перадае прэс-служба Віктара Бабарыкі.

Адвакат бачыў Калеснікаву ў калоніі 17 лістапада. Пазней стала вядома, што яе змясцілі ў штрафны ізалятар (ШІЗА).

Там было вельмі холадна, праз што палітзняволеная амаль не спала. Каб сагрэцца, яна пастаянна хадзіла. У адзін з дзён Калеснікава зрабіла па маленькай камеры ажно 15 тысяч крокаў. Пра гэта яна распавяла бацьку падчас спаткання.

Некалькі дзён перад шпіталізацыяй Марыя ў ШІЗА губляла прытомнасць, у яе быў павышаны ціск і млоснасць. У тым ліку яна страціла прытомнасць у душы і пры падзенні падрапала ногі.

Лекар з калоніі заявіў, што пры штодзённым аглядзе Калеснікава на здароўе не скардзілася. Пры гэтым у ШІЗА ёй давалі таблеткі ад ціску, што немагчыма без скаргаў на стан здароўя.

28 лістапада палітзняволенай прызначылі яшчэ 10 сутак ШІЗА. Адваката да яе не пусцілі. У гэты ж дзень пасля абеду яна адчула моцны боль у страўніку. Паведамляецца, што Калеснікава літаральна падала. Яе перавялі ў медыцынскі стацыянар, а ўвечары брыгада хуткай дапамогі перавезла яе ў бальніцу.

Як распавядала Еўрарадыё, у Калеснікавай дыягнаставалі прабадную язву і перытаніт. Пасля аперацыі яна некалькі дзён прабыла ў аддзяленні рэанімацыі. Потым яе вярнулі ў медыцынскі стацыянар у калоніі і дазволілі спатканне з бацькам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі