Пераможцу Еўрабачання падазраюць у плагіяце. Няўжо Loreen скрала песню?

Скандал: Loreen украла песню? Или нет? / Eurovision.tv
Loreen на сцэне "Еўрабачання-2023"/ Eurovision.tv

Шведская спявачка Loreen стала другім выканаўцам у гісторыі, хто двойчы перамог у конкурсе песні "Еўрабачанне". Але адразу ж знайшліся тыя, хто пачаў падазраваць яе песню Tattoo у плагіяце. Ці сапраўды Loreen скрала песню і пры чым тут украінская спявачка Міка Ньютан, пра якую вы, мабыць, ніколі і не чулі? Разбіраемся.

 

Ла-лаа-ла-ла-лааа-ла-лаа-ла

Першыя падазрэнні ў другаснасці песні Tattoo з'явіліся ў інтэрнэт-карыстальнікаў яшчэ пасля перамогі Loreen у шведскім адборы: некаторыя пачулі ў ёй "кавалачак" з The Winner takes it all таксама шведскай групы Abba.

Сама Loreen адрэагавала на гэта і сказала, што лічыць такія параўнанні кампліментам. Група Abba ніякіх прэтэнзій да Loreen не агучвала: калі супадзенні і ёсць, то на ўзроўні інтэрпаляцыі (пра гэта далей).

Ужо бліжэй да самога "Еўрабачання" выбухнуў украінскі сегмент цік-тока: там Loreen абвінавацілі ў капіяванні ўрыўка песні ўкраінскай спявачкі Мікі Ньютан: пройгрыш Tattoo вельмі падобны на пройгрыш з яе песні "У палоне" 2005 года выхаду.

Праўда, справа ў тым, што сама Міка Ньютан (дакладней, аўтары яе песні) узялі гэтую мелодыю з кампазіцыі "Flying Free" каталонскага гурта Pont Aeri.

Параўнанне Loreen з Pont Aeri (Міка Ньютан была ўжо пазней)

Гэты факт (што мелодыя пройгрышу наогул каталонская, а не ўкраінская) не перашкодзіў Міцы Ньютан выпусціць 12 траўня інструментальны сінгл у спробе сарказму: яго назвалі "Same Tattoo", а адзіным аўтарам пазначылі Руслана Квінту — аўтара песень Сафіі Ратару і Мікіты Аляксеева. Без згадкі тых самых Pont Aeri.

Аднак гэта таксама нармальна — таму што не з'яўляецца плагіятам. Тлумачым далей.

 

Магія інтэрпаляцыі

Інтэрпаляцыя — прайграванне ўрыўка мелодыі з кампазіцыі, якая ўжо была створаная раней. У адрозненне ад сэмплявання, якое проста ўстаўляе чужы запіс, а не узнаўляе ўрывак ноту за нотай. Прасцей кажучы, гэта невялікая цытата.
У выпадку з Loreen у пройгрышы выкарыстоўваецца менавіта інтэрпаляцыя гурта Pont Aeri: 9 секунд з песні даўжынёй у 183 секунды. Плагіятам такое (асабліва ўлічваючы, што гэта не сэмпляванне) назваць нельга.

Акрамя таго, усе песні, якія ўдзельнічаюць у "Еўрабачанні", правяраюцца на арыгінальнасць Еўрапейскім вяшчальным саюзам. А абвінавачванні меліся і ў адрас фінскага рэпера Käärijä, бо яго "Cha Cha Cha" падазрона падобная ў першыя секунды на "We Got the Moves" нямецкага гурта Electric Callboys.

Параўнанне Käärijä з Electric Callboys

Інтэрпаляцыі — распаўсюджаная з'ява ў поп- і хіп-хоп музыцы. Яе выкарыстоўвалі Abba, Мадонна, Фарэл Уільямс, Лорд, Эмінэм, Майлі Сайрус (у той жа "Flowers"), Дэвід Боўі, Канье Уэст, Эд Шыран. Дарэчы, днямі суд прызнаў Шырана невінаватым у плагіяце: яго абвінавачвалі ў тым, што для песні "Thinking Out Loud" ён скраў мелодыю Марвіна Гея.

 

Што кажа прафесіянал: "Гэта не плагіят"

Рэдактар Еўрарадыё і прафесійны выкладчык сальфеджыа Маша Калеснікава нагадвае: музыка дзеліцца на такты. У гэтым пройгрышы, за які ўсе сваркі, чатыры такты.

Маша Колесникова - редактор Еврорадио и профессиональный музыкант

"Гэты мост ад запева да прыпеву — гэта чатыры такты. Ён будуецца па секвенцыях. Секвенцыя  — гэта паўтарэнне меладычнай фразы або гарманічнага абароту на іншай вышыні. Гэта значыць, адзін і той жа кавалачак мелодыі паўтараецца ў наступным такце толькі ад іншай ноты — напрыклад, на тэрцыю вышэй. У выпадку з песняй Ларын секвенцыя паўтараецца тройчы (тры такты) і ў чацвёртым такце выходзіць на кульмінацыю — прыпеў", — тлумачыць "матчастку" Калеснікава.

Чатыры такты адносна ўсёй песні, кажа яна, гэта зусім няшмат, плюс важна памятаць, што гаворка ідзе пра секвенцыі.

"Масты ў папулярнай музыцы — гэта заўсёды штосьці запамінальнае, простае і зразумелае. Яны часта будуюцца на секвенцыях. Таму складаецца ўражанне, што дзесьці мы гэта ўжо чулі. Секвенцыі ёсць і ў Баха, і ў Бетховена, і Філіпа Гласа, і ў Стыві Уандэра — гэта натуральная частка любога музычнага твора", — дадае Марыя.

Хай гэта і ўсім вядома, але нот не так шмат, нагадвае Калеснікава. "І тое, што мы чуем нейкія падобныя моманты ў музыцы розных выканаўцаў, гэта нармальна. У дадзеным выпадку гэта дакладна не плагіят і не цытата. Можа быць, прыклад інтэрпаляцыі, але я б наогул ніякія паралелі не праводзіла. Мне здаецца, гэта наогул глупства ў XXI стагоддзі, калі існуе мільён песень і ўсе яны будуюцца на тых самых гармоніях і кампазіцыйных прынцыпах, так разважаць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі