Песню, якую стварыў бубнач IQ48, праслухала 235 мільёнаў чалавек

Песню, якую стварыў бубнач IQ48, праслухала 235 мільёнаў чалавек

Загадкавым беларускім прадзюсарам з псеўданімам Tony Fadd, кліп на песню якога ў выкананні маладой хіп-хоп-зоркі Fetty Wap праглядзела больш за 235 мільёнаў чалавек, апынуўся бубнач гурта IQ48 Антон М. Яго трэк "Trap Queen" упадабаў аднавокі амерыканскі рэпер. Пазней на беларуса выйшлі прадстаўнікі Фэці, яны разам дарабілі песню і выпусцілі яе афіцыйна. Пра гэта музыка распавёў у інтэрв'ю Complex. Калі Антон ўбачыў там 4 мільёны праглядаў пад відэа на песню, ён закрычаў: "О Божа!". Цяпер бубнач знаходзіцца ў Каліфорніі.

 

 

Для IQ48 раптоўны ад'езд Антона ў Амерыку месяц таму стаў нечаканасцю: музыкі даведаліся пра поспехі калегі за тыдзень да ад'езду.


"Мы кажам: "А што ж ты маўчыш?". А ён: "Ну вы ж не пыталіся". А мы: "Ну, сапраўды, будзем цяпер пытаць, як справы, ці не падпісаў ты часам з BMG кантракт на 5 гадоў?"", — смяецца фронтмэн IQ48 Аляксандр Ракавец.


Па словах калег па IQ48, Антон — фанат Prodigy, займаецца прадзюсаваннем гадоў пяць. Гітарыст гурта Яўген Бузоўскі ўспрымае тое, што адбываецца з Антонам, як казачную гісторыю:


"Ён казаў, што нешта там піша ў "Фруцілупс", але мы і не ведалі, што гэта на такім узроўні! Думалі, так, для сябе".

 

Хлопцы з IQ48 кажуць, што Антон уладкаваўся добра — яму знялі дом з басейнам. Ён вельмі шмат працуе і на сувязь выходзіць рэдка. Цягам месяца, які музыка прабудзе ў Каліфорніі, ён мусіць падпісаць (ці ўжо падпісаў) кантракт з буйной тамтэйшай кампаніяй. Праўда, не кажуць, з якой, маўляў, вось Антон прыедзе, і ўсё вам раскажа. Але хлопцы не выключаюць, што ў хуткім часе ім давядзецца шукаць новага бубнача.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі