IQ48 разжыліся "Зброяй" (слухаць)
Рэліз з’яўляецца першай ластаўкай з будучага альбома, але не адлюстроўвае яго гучання.
Гурт IQ48 прэзентуе сінгл "Зброя". Рэліз складаецца з аднайменнай песні, якая выказвае стаўленне музыкаў да незаконнага гандлю зброяй, ды трэка "Гарэлка", які прапануе кожнаму выбіраць свае "за" ці "супраць" гэтага алкагольнага напою. Па словах музыкаў, песні гэтага сінгла трапяць і на будучы альбом гурта, праўда, гучаць яны там будуць па-іншаму.
"Ну, сінгл мы пісалі асобна, а сам альбом будзем пісаць адным сэтам, — тлумачыць розніцу вакаліст гурта Саша Ракавец. — Каб гучанне альбома было аднолькавым, будзем перапісваць і гэтыя трэкі. Што тычыцца агульнай тэматыкі, то ў нас заўсёды былі рознапланавыя песні: ад рамантыкі да сацыяльных праблем. Таму і новы альбом будзе такім жа. Ужо напісаная палова матэрыялу, нават, болей. Як толькі хопіць матэрыялу, каб можна было выбіраць, пачнём запіс”.
Калі з’явіцца новы альбом, музыкі казаць не вырашаюцца. Пакуль IQ48 рыхтуецца да аднаўлення актыўнай канцэртнай дзейнасці і запрашае паслухаць сінгл “Зброя” на жыва ў клубе ТNT 17 лістапада. Уваход вольны.