"Плюс адзін": Андрэй Дзмітрыеў стварае сваю палітычную партыю

"Плюс адзін": Андрэй Дзмітрыеў стварае сваю палітычную партыю

Кіраўнік кампаніі "Гавары праўду" і экс-кандыдат у прэзідэнты 2020 года Андрэй Дзмітрыеў займаецца стварэннем палітычнай "Нашай партыі".

"Скажу, што спіс на тысячу чалавек ужо сабралі. Аднак незразумела, як правесці ўстаноўчы сход на тысячу чалавек, як таго патрабуе Міністэрства юстыцыі, ці будзе гэта бяспечна для людзей. Таму цяпер мы ў чаканні, займаемся распрацоўкай праграмы. Фактычна штотыднёва ёсць зум-канферэнцыі, куды можа далучыцца любы ахвотны абмеркаваць важныя пытанні з экспертамі. Для нас прынцыпова, каб гэтая партыя была пабудаваная не аднекуль зверху, а самімі людзьмі", — распавядае Дзмітрыеў "Нашай Ніве".

Па яго словах, абмяркоўвалася пяць-сем розных варыянтаў назвы для партыі, але цяперашняя "стала топавай, бо адлюстроўвае тое, што людзі хочуць бачыць".

Новую партыю Дзмітрыеў стварае паралельна з дзейнасцю "Гавары праўду". Маўляў, яшчэ ў 2016 годзе кампанія вырашыла, што не хоча ператварацца ў партыю.

У аргкамітэт "Нашай партыі", па словах палітыка, увайшлі 300 чалавек, але іх імёны ён называць не хоча. Кажа, што гэта пераважна новыя людзі, хаця ёсць і некалькі прадстаўнікоў "Гавары праўду". 

Наконт сродкаў для фінансавання партыі Дзмітрыеў кажа так: "Мы хочам, каб партыя жыла на ўнёскі. Нам патрэбна каля 1500 чалавек, якія плоцяць па 10-12 рублёў на месяц, каб партыя магла ўтрымліваць офіс і некалькі чалавек. Будзем імкнуцца да гэтага".

Ідэалагічай асновай "Нашай партыі" ён называе сваю перадвыбарчую прэзідэнкую праграму. "Мы ўсе разумеем, што беларускай эканоміцы патрэбныя рынкавыя рэформы, але праз беднасць насельніцтва патрэбная сацыяльная падтрымка. Беларусі трэба развіваць рэгіёны. Мы будзем выступаць за самакіраванне, а другая важная тэма — вяртанне законнасці ў краіне", — тлумачыць палітык.

Дарэчы, літаральна ўчора стварэнне партыі "Дэмакратычны саюз" анансаваў Андрэй Ланкін, былы паплечнік Валерыя Цапкалы. Праўда, на прэс-канферэнцыі выявілася, што адзін з заснавальнікаў партыі не ведае імя іншага ўдзельніка той жа прэс-канферэнцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі