Міністр паскардзіўся, што яго словы ўспрымаюць "як папулісцкія выказванні"
Аляксандр Кулік (злева) на нарадзе
Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік паскардзіўся, што некаторыя падначаленыя яго словы ўспрымаюць "як папулісцкія выказванні". Ён абвінаваціў у сабатажы "некаторых дырэктараў" лясгасаў.
2 ліпеня прайшла вытворчая нарада, на якой выступіў Кулік. Ён гаварыў пра заробкі рабочых. Па словах міністра, былі павялічаны заработныя платы дырэктараў лясгасаў, дадзены даручэнні павялічыць заробкі ляснічым (пры ўмове выканання і тымі, і іншымі ўсіх вытворчых паказчыкаў). "А што з рабочымі? — спытаўся Аляксандр Кулік. — ...Падобна на тое, што некаторыя дырэктары ўспрымаюць мае словы як папулісцкія выказванні. Але гэта не так. Так, заработная плата павінна быць заробленай. Але яна павінна быць годнай".
У канцы ліпеня ў Мінлясгасе пройдзе нарада, прысвечаная сітуацыі з заробкамі рабочых.
У пачатку лета падчас наведвання Пружанскага раёна Куліком рабочыя прасілі яго падняць заробкі. І ён пагаджаўся, што іх трэба падымаць. А цяпер высветлілася, што дырэктары лясгасаў яму не паверылі і павышэннем заробкаў рабочых не займаліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.