Польшча дамаглася вызвалення больш як 10 палітвязняў у Беларусі — МЗС
Акрэсціна / Еўрарадыё
Польшча дамаглася ад беларускіх уладаў вызвалення больш як 10 палітвязняў. Пра гэта ў эфіры Польскага радыё заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблоньскі.
Дыпламат не стаў удакладняць імёны вызваленых і акалічнасці вызвалення.
"Я не хачу гаварыць пра дэталі гэтых справаў, таму што кожны раз патрэбны быў індывідуальны падыход. У выпадку такіх перамоваў трэба быць асцярожным.
Найважнейшая паспяховасць — дасягненне вызвалення палітвязняў. Я цяпер гавару пра палякаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, бо гэта для нас прыярытэт, але нам трэба памятаць, што па палітычных матывах зняволеныя ў Беларусі больш за 1500 чалавек", — падкрэсліў Яблоньскі.
Ён дадаў, што дзякуючы Польшчы пастаянна расце міжнародны ціск на Беларусь дзеля вызвалення палітвязняў.
Пасля таго як у Беларусі прысудзілі 8 гадоў зняволення журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай меншасці, 9 лютага Польшча абвясціла пра закрыццё памежнага пераходу ў Баброўніках. У сярэдзіне сакавіка Еўрапарламент спецыяльнай рэзалюцыяй заклікаў беларускія ўлады вызваліць нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, Анджэя Пачобута і ўсіх іншых палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.