Польшча прыпыніла расследаванне справы аб збіцці ў РБ ў 2020-м яе грамадзян
Аўтазак у Мінску летам 2020-га
Польшча прыпыніла расследаванне справы аб збіцці сілавікамі траіх яе грамадзян у Мінску ў жніўні 2020-га. Такое рашэнне прынятае Мазавецкім упраўленнем Нацыянальнай пракуратуры, паведамляе RMF FM. Прычына прыпынення — рэжым Аляксандра Лукашэнкі адмовіўся супрацоўнічаць. Больш за 2 гады таму польская пракуратура накіравала ў Беларусь запыт аб прававой дапамозе. Аднак дагэтуль адказу не было, таму расследаванне зайшло ў тупік.
"Майго сябра збівалі ўжо ў бусіку, ён страціў прытомнасць, — расказваў адзін з польскіх грамадзян. — Мяне збівалі ў аўтазаку. Але горш за ўсё было менавіта ў РУУС. Там нас клалі тварам у падлогу з шчыльна замацаванымі рукамі за спінай, трымалі ў нязручных позах. Нам не дазвалялі піць ваду, не давалі есці, спаць, выйсці ў прыбіральню".
МЗС Польшчы дамогся вызвалення затрыманых, і ўжо 14 жніўня 2020-га яны выехалі з Беларусі. Расследаваннем справы займалася Агенцтва ўнутранай бяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.