Праца па аднаўленні палаца Горватаў працягваецца — Пётр Кузняцоў

Палац Горватаў у Нароўлі / planetabelarus.by
Палац Горватаў у Нароўлі / planetabelarus.by

Нягледзячы на ад'езд Андрэя Горвата праца па аднаўленні палаца Горватаў у Нароўлі працягваецца. Пра гэта ў сваім тг-канале напісаў яго кампаньён Пётр Кузняцоў.

Некалькі дзён таму пісьменнік Андрэй Горват паведаміў, што пакінуў Беларусь і перабраўся ў Вільню. Пасля гэтага пайшлі чуткі, што рэстаўрацыя палаца ў Нароўлі закінутая. Гэтыя чуткі і вырашыў абвергнуць Кузняцоў.

Ён нагадвае, што ўвосень 2020 года палац Горватаў у Нароўлі выкупілі кампаньёны — Андрэй Горват, Пётр Кузняцоў і Аляксандр Баранаў.

"З таго моманту ў палацы здарылася ўжо нямала падзей: ён быў цалкам расчышчаны, створаны праект кансервацыі, згодна з ім закладзены асновы даху, створаны і амаль узгоднены праект рэканструкцыі (самы складаны этап, на самай справе). Ва ўсёй гэтай справе Андрэй адыгрываў вядучую публічную ролю і вядучую арганізуючую: ён пасяліўся ў Нароўлі, непасрэдна арганізоўваў усе працы на месцы, каардынаваў усе намаганні валанцёраў, меў зносіны са СМІ і мясцовай уладай", — піша Кузняцоў.

Ён абвяргае чуткі, што Горвата пераследавалі за праект рэстаўрацыі палаца: "Я не магу гаварыць за Горвата, чаму ён з'ехаў. Але з яго слоў са 100% пэўнасцю сцвярджаю, што справа не ў Палацы і палац ва ўсёй гэтай гісторыі не фігуруе ні адзінай літарай, ні адзінай коскай. Там іншая гісторыя, ніяк з Палацам не звязаная".

Юрыдчная асоба, на якую быў зарэгістраваны палац, працягвае дзейнічаць, яе не зачынялі.

Ад'езд Горвата не сарваў аднаўленне палаца, хаця і стаў непрыемнай неспадзяванкай. "Магу сказаць, што на дадзены момант усе працы, якія вяліся па распрацоўцы і ўзгадненні праектнай дакументацыі, працягваюцца мной — нічога не спынілася", — заяўляе Кузняцоў.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі