Праваабаронцы прызналі палітвязнямі пяць фігурантаў "справы Прэс-клуба"

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі пяць фігурантаў "справы Прэс-клуба"

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязнямі пяцярых фігурантаў "справы Прэс-клуба", паведамляе прэс-служба БАЖ.

Заснавальніца "Прэс-клуба” Юлія Слуцкая, праграмная дырэктарка Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, аператар Пётр Слуцкі, а таксама экс-супрацоўніца БТ Ксенія Луцкіна былі затрыманыя 22 снежня. У іх дома і на офісе адбыліся ператрусы. Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю заявіў, што праводзіць праверку па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства, звязаных у тым ліку з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы.

31 снежня затрыманым выставілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса). Уссе яны знаходзяцца пад вартай у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Праваабаронцы адзначаюць, што гэтыя затрыманні сталі працягам хвалі рэпрэсій, якія пачаліся ў краіне з моманту абвяшчэння прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. 

"Варта адзначыць, што ўлады Беларусі не ў першы раз выкарыстоўваць эканамічныя склады злачынстваў у мэтах ажыццяўлення рэпрэсій. У тым ліку ў мінулыя гады па палітычна матываваным абвінавачанні ва ўхіленні ад падаткаў прыцягваліся да крымінальнай адказнасці старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, лідар незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Алесь Ліпай ды іншыя", — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязняў з-пад варты і спыніць іх крымінальны пераслед, а таксама спыніць рэпрэсіі ў Беларусі. 

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”, РГА "Прававая ініцыятыва”, Асамблея НДА, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Простае таварыства "Ініцыятыва FORB", ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі