Праваабаронцы заклікалі міжнародныя арганізацыі не ўдзельнічаць у IGF.BY
Форум па кіраванні інтэрнэтам пройдзе ў Мінску 15 лістапада, ілюстрацыйнае фота
Беларускія праваабаронцы звярнуліся да прадстаўнікоў міжнародных арганізацый з заклікам устрымацца ад удзелу ў мінскім Форуме па кіраванні інтэрнэтам (IGF.BY). Яго — пасля трохгадовага перапынку — збірае ў Мінску кампанія hoster.by пры падтрымцы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства інфармацыі. Мерапрыемства павінна прайсці 15 лістапада.
У спісе міжнародных партнёраў мерапрыемствы пазначаны RIPE NCC, ICANN і Internet Governance Forum Support Association. У лісце да іх праваабаронцы нагадваюць, што IGF ствараўся як пляцоўка для дыялогу паміж прадстаўнікамі дзяржавы, бізнесу і грамадства па пытаннях кіравання інтэрнэтам. Аднак, ва "умовах палітычнага крызісу і шырокамаштабных рэпрэсій у Беларусі змястоўны дыялог паміж зацікаўленымі бакамі немагчымы". Яны адзначаюць, што ў Беларусі "ліквідавана або знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі больш за 923 некамерцыйных арганізацый, уключаючы ўсе незалежныя праваабарончыя арганізацыі". Па-ранейшаму затрымліваюць журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў, альбо іх вымушаюць бегчы з краіны. Любы ўдзел у групах грамадзянскай супольнасці лічыць супрацьзаконным — як "праца ад імя незарэгістраваных або ліквідаваных арганізацый".
"Сярод ліквідаваных арганізацый і ініцыятыў, вымушаных пакінуць Беларусь, — практычна ўсе суарганізатары, партнёры і ўдзельнікі папярэдніх форумаў ад грамадзянскай супольнасці", — нагадваюць аўтары ліста. Яны заклікаюць міжнародных партнёраў не "падтрымліваць фасад, прадстаўлены IGF.BY", а замест — напісаць ліст палітвязням, якія раней удзельнічалі ў развіцці форуму: дырэктару TUT.by Людміле Чэкінай, галоўнаму рэдактару партала Марыне Золатавай, сузаснавальніцы Human Constanta Насце Лойцы.
Дададзім, што першы Форум па кіраванні інтэрнэтам адбыўся ў 2016. У 2020-22 гадах яго не збіралі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.